Як паведаміў з Рагачова кіраўнік групы падтрымкі адзінага кандыдата Ўладзімер Тамковіч, старшыня райвыканкаму Мікалай Федаровіч асабіста забараніў вывешваць партрэты Ганчарыка на інфармацыйнай дошцы ў будынку райвыканкаму.
Спадар Федаровіч распарадзіўся таксама ачысьціць краму №7 гандлёвага прадпрыемства "Альтаір" ад друкаваных матэрыялаў адзінага кандыдата. Між тым, згаданыя ўстановы пазначаныя ў адмысловым распараджэньні райвыканкаму, як месцы разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў, і падпісаў распараджэньне менавіта старшыня Федаровіч.
У гутарцы ён адмаўляе факты забароны:
(Федаровіч: ) "Агітацыйныя матэрыялы, якія прывязуць сёньня, — агульная лістоўка кандыдатаў, будуць вывешаныя належным чынам. Што да Ганчарыка, дык спытайце ў штабе, чаму яны не вывешваюць ягоных матэрыялаў".
(Карэспандэнт: ) "Дык вы не забараняеце?"
(Федаровіч: ) "Канечне, не. Ёсьць адпаведныя месцы — няхай вешаюць", — цьвердзіць старшыня райвыканкаму.
Дырэктарка гандлёвага прадпрыемства "Альтаір" Валянціна Лагуніна таксама не прызнае, што ў крамах зрываюць наглядную агітацыю пра адзінага кандыдата:
(Лагуніна: ) "Першы раз чую, што хтосьці нешта зьняў. А што, ёсьць распараджэньне вывешваць матэрыялы да выбараў, дык райвыканкам спрацаваў кепска: у нас ягонага рашэньня няма".
Зрэшты, супрацьдзеяньне агітацыйнай кампаніі Ўладзімера Ганчарыка праявілася ня толькі ў Рагачове. Кіраўніцтва гомельскай кандытарскай фабрыкі "Спартак" адмовіла ў сустрэчы з калектывам даверанай асобе Ганчарыка Алене Скрыган.
А выбарчая камісія Чыгуначнага раёну забараніла нават праводзіць сустрэчу самога кандыдата з гамельчукамі на стадыёне аб'яднаньня "Гомсельмаш", заплянаваную на 4 верасьня.