400 000 КАНФІСКАВАНЫХ АСОБНІКАЎ “НАШАЙ СВАБОДЫ” ПА-РАНЕЙШАМУ ЗНАХОДЗЯЦЦА Ў КАМІТЭЦЕ ФІНАНСАВЫХ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Арыштаваны ў мінулую пятніцу наклад адмысловага выпуску газэты "Наша свабода" дагэтуль не вярнулі гаспадарам, хаця ўлады пакуль ня выставілі выданьню ніякіх прэтэнзіяў, — сьцьвярджае галоўны рэдактар газэты Павал Жук.

Паводле спадара Жука, рэдакцыя не атрымала з Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў ніякіх дакумэнтаў, нават нікога з рэдакцыі не запрашалі на размову. Таму затрыманьне 400 тысяч асобнікаў газэты Павал Жук лічыць крадзяжом, за які рана ці позна ўладам прыйдзецца адказваць. Павал Жук распавядае:

(Жук: ) "Наклад зараз знаходзіцца ў рэспубліканскім Камітэце фінансавых расьсьледаваньняў па вуліцы Кальварыйскай, 17. Яны яго арыштавалі, і нам ніхто не дае ніякіх камэнтароў, што гэта будзе. Гавораць, што цягам месяца будуць весьці праверку і г.д. Друкарню "Мэджык" зараз ачапілі міліцыянты, яны правяраюць дакладна ўсе аўтамабілі, нават зь лядоўнямі ці іншымі рэчамі.

Другое — рэдакцыя газэты "Наша свабода" атрымала папярэджаньне ад Дзяржкамітэту па друку . За тое, што ў спэцвыпуску было напісана, што Лукашэнка распачаў крымінальную справу супраць сваіх вэртыкальшчыкаў, якіх падазрае ў змове. Дзяржкамдрук напісаў, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта першае папярэджаньне, калі будзе другое, то прыкрыюць газэту спачатку на 3 месяцы. Думаю, іхная мэта — зусім закрыць загэту, яны інакш ня могуць".

(Карэспандэнт: ) "Што вы думаеце рабіць?"

(Жук: ) "Мы зараз раімся з адвакатамі, каб праз суд вярнуць гэты наклад. Мяркую, пасьля нашай перамогі Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў верне нам усе страчаныя грошы".

(Карэспандэнт: ) "І наколькі вы ацэньваеце страты?"

(Жук: ) "Прыкладна 94 тысячы даляраў, больш дакладна пакуль сказаць не магу".

(Карэспандэнт: ) "А газэта заўтра выходзіць?"

(Жук: ) "Так, газэта "Наша свабода" заўтра выходзіць", — запэўніў галоўны рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук.

Мне таксама не ўдалося атрымаць у Камітэце фінансавых расьсьледаваньняў падрабязнага тлумачэньня прычынаў канфіскацыі. Загадчык апэратыўнага аддзелу Камітэту Віктар Пісарык, падначаленыя якога праводзілі гэтую апэрацыю, няпэўна заявіў, што хутчэй за ўсё, былі парушэньні ў падатках — але якія, ён дакладна ня ведае, бо яшчэ не праглядаў паперы. Канфіскацыю 400 тысяч асобнікаў газэты Віктар Пісарык называе часовым затрыманьнем. Спадар Пісарык не сумняецца, што дзеяньні ягоных падначаленых законныя, ён адкідае меркаваньне, што яны мелі палітычныя матывы.

Паводле спадара Пісарыка, канчатковае рашэньне пра 400 тысяч асобнікаў "Нашай свабоды" — канфіскаваць наклад спэцвыпуску ці вярнуць уладальнікам — будзе паводле вынікаў праверкі, якая можа цягнуцца як найменш месяц.