Учора супрацоўнікі менскай міліцыі атрымалі загад затрымліваць кожнага, хто мае футболку, значкі ці налепкі з выяваю зубра. Міліцыянты распачалі сапраўднае паляваньне на людзей. У выніку на праспэкце Скарыны і на Кастрычніцкай плошчы затрымалі некалькіх чалавек, сярод якіх былі нават дзеці з выявамі зубра на заплечніках. Увечары дайшло да сутычкі моладзі з салдатамі ўнутраных войскаў.
Падчас футбольнага матчу на трыбуне ў тым месцы, дзе было каля 70 "зуброў", залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Туды адразу кінуліся міліцыянты і затрымалі трох чалавек. Сярод затрыманых была Анастасія Чудакова:
(Чудакова: ) "У нас быў сьцяг на руках. Падышлі салдаты ўнутраных войскаў, мы паказалі ім сумкі. Яны ў нас забралі балёнчыкі з фарбай, сьцяг і значок з выяваю зубра".
"Зуброў" кінулі ў аўтобус, каб адвезьці ў Цэнтральны аддзел міліцыі.
Але аўтобус, у якім, акрамя затрыманых, было каля чатырох дзесяткаў салдатаў унутраных войскаў, заблякавалі "зубры". Гаворыць актывістка руху Ірына Тоўсьцік:
(Тоўсьцік: ) "Калі мы ішлі камандай за сьцягам, гэта выглядала цудоўна. Усе бачылі — ідуць "зубры". Усе ў футболках зь дзявятым нумарам, гэта азначае — 9 верасьня. Калі мы падышлі, спыталі: "Якая мэта затрыманьня?", яны нам адказалі, што мы выкарыстоўваем незаконную атрыбутыку, а ў іх ёсьць загад забіраць такіх людзей. Яны казалі, што ў перадвыбарчую кампанію яны абапіраюцца не на закон, а на загады. Казалі, што яны самі людзі падначаленыя і абавязаныя выконваць загады".
Наперадзе сталі дзяўчаты, уздоўж хлопцы, а яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек перакрылі ўсю праезную частку дарогі. Яны скандавалі, каб адпусьцілі іх сяброў. Афіцэры вымушаныя былі аддаць загад, каб выпусьцілі затрыманых. Але "зубры" не здымалі аблогі да тае пары, пакуль салдаты не аддалі ім бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта быў першы выпадак, калі вайскоўцы, атрымаўшы адпор ад моладзі, вымушаныя былі адступіць.
Калі "зубры" пачалі разыходзіцца, да іх пад'ехалі тры міліцэйскія "варанкі". Гаворыць Аляксей Шыдлоўскі:
(Шыдлоўскі: ) "Мы амаль усе накіраваліся дадому, акрамя тых пятнаццаці чалавек, якія паехалі на тралейбусе. Праз мэтраў трыста ля нас спыніліся "варанкі", і міліцыянты пачалі абшукваць нашыя сумкі. Там яны нічога не знайшлі, але ўсё роўна павезьлі нас у міліцыю. Там пачалі нас папросту "шманаць" усіх запар".
Такім чынам у Цэнтральнае ўпраўленьне міліцыі трапілі Аляксей Шыдлоўскі, Мікола Лугаўцоў, Павал Вайноўскі, Васіль Жакаў, Кацярына Чудакова, Ганна Ягорава, Ірына Тоўсьцік, Сяргей Марцалеў, Юры Антонаў, Аляксандар Атрошчанкаў, Зьміцер Міхлюкоў, Аляксандра Анджыеўская, Вольга Марозава і Андрэй Пятроў.
У дзяжурнай частцы адзін зь міліцыянтаў ударыў у твар непаўнагадовую Аляксандру Анджыеўскую. За яе заступіўся Аляксандар Атрошчанкаў, і за гэта ён атрымаў некалькі ўдараў гумовай дубінкай і нагамі. Хлопцу счапілі рукі кайданкамі й трымалі больш за гадзіну, пакуль складалі пратакол за дробнае хуліганства.
Увесь гэты час некалькі дзясяткаў "зуброў" заставаліся каля будынку Цэнтральнага ўпраўленьня міліцыі на вуліцы Арлоўскай. Яны папярэдзілі міліцыянтаў у дзяжурнай частцы, што калі тыя будуць біць людзей, то зноў перакрыюць дарогу транспарту.
Толькі позна ўначы ўсіх 14 чалавек адпусьцілі.