Не атрымаўшы падтрымкі дзяржаўных установаў у справе зьмены формы пратаколу, праваабаронцы як звычайныя грамадзяне зьвярнуліся з пазовамі ў Вярхоўны суд. Гары Паганяйла, Алег Гулак і іншыя актывісты просяць суд абараніць іхнае права на сумленныя выбары і дзеля гэтага прымусіць Цэнтральную выбарчую камісію тэрмінова зьмяніць форму пратаколу вынікаў галасаваньня на ўчастках.
Гары Паганяйла тлумачыць, чым небясьпечная цяперашняя форма пратаколу:
(Паганяйла: ) "Гэтая форма пратаколу адмыслова распрацаваная дзеля грубай фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. У прыватнасьці, яна не перашкаджае ўкідаць у выбарчыя скрыні няўлічаныя бюлетэні падчас датэрмінованага і вынаснога галасаваньняў".
Гары Паганяйла мяркуе, што падобным чынам дзейнічалі мясцовыя ўлады падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў, калі паводле загаду зьверху забясьпечвалі амаль 100%-ю яўку выбарцаў. Гэта рабілася коштам датэрміновага галасаваньня, а патрэбны вынік дасягаўся праз укідваньне патрэбных бюлетэняў.
Наглядаць за такім галасаваньнем немагчыма, але ягоныя вынікі магчыма абскардзіць, лічыць Паганяйла. Трэба, каб у выніковым пратаколе былі адлюстраваныя зьвесткі галасаваньня сярод розных групаў выбарцаў — як тых, хто галасуе датэрмінова ды па хатах, гэтак і тых, што прагаласавалі ў дзень асноўнага галасаваньня на выбарчых участках. Пры сумленных выбарах значныя разыходжаньні вынікаў у розных групах немагчымыя, а калі яны будуць, гэта можна патлумачыць толькі фальсыфікацыямі.
У сваіх патрабаваньнях праваабаронцы спасылаюцца на 55-ы артыкул Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае розныя віды галасаваньня. Паспрыяць таму, каб форма пратаколу была прыведзеная ў адпаведнасьць з гэтым законам, актывісты БГК заклікалі Канстытуцыйны і Вышэйшы гаспадарчы суды, абедзьве палаты Лукашэнкавага парлямэнту, Савет міністраў і адміністрацыю прэзыдэнта.
Але адказ прыйшоў толькі зь Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцам паведамілі, што прэтэнзіяў да формы пратаколу ня маюць.
"Паколькі ніводная з гэтых установаў не ўзялася выпраўляць грубае парушэньне закону Цэнтральнай выбарчай камісіяй, мы будзем дамагацца гэтага як простыя грамадзяне праз суд і паінфармуем міжнародную грамадзкасьць. Калі наш пазоў адхіляць, гэта будзе азначаць, што рашэньні ЦВК у Беларусі непадсудныя, і вышэйшую службовую асобу, якую абяруць пры такім галасаваньні, варта лічыць нелегітымнай, а выбары — недэмакратычнымі".
Паводле закону, у Вярхоўнага суду ёсьць толькі тры дні на тое, каб прыняць альбо адхіліць гэтую заяву, бо яна тычыцца такой неадкладнай справы як ужо абвешчаныя выбары.