Дырэктар музэя Віктар Шматаў распавёў, што створаная рукамі супрацоўнікаў установа існуе выключна дзякуючы энтузіязму шэрагу аднадумцаў.
Нягледзячы на ўнікальную калекцыю атрыбутаў беларускай дзяржаўнасьці, музэй дагэтуль разглядаецца як навукова-мэтадычны фонд пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру Акадэміі навук. А калі гаворка заходзіць пра наданьне музэю статусу нацыянальнай установы, то чыноўнікі Міністэрства культуры прапаноўваюць свой варыянт вырашэньня праблемы: разьмеркаваць калекцыю па іншых музэях Беларусі.
Менавіта з гэтае прычыны кіраўніцтва музэю імкнецца выйсьці з падпарадкаваньня галіновага міністэрства: яно лічыць, што ўзровень навукоўцаў дазваляе працаваць без умяшальніцтва міністэрскіх куратараў. Навуковы супрацоўнік музэю Аляксандар Ярашэвіч кажа, што іспыт на стойкасьць ідзе цягам усёй найноўшай гісторыі Беларусі.
(Ярашэвіч: ) "Гэтыя часы расьцягнуліся на 10 год ужо. Рухнула фінансавая сыстэма і зьбяднела Акадэмія навук. Мы яшчэ летась падалі заяўку ў Міністэрства культуры на прызнаньне нашай калекцыі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Па сваёй структуры мы лічымся аддзелам старажытнабеларускай культуры. Але справа нават ня ў шыльдах, а ў фінансаваньні.
У Акадэміі навук бюджэт зараз слабейшы, чым быў у савецкі час, паменшылася колькасьць супрацоўнікаў, ня той паток наведнікаў. Калі ўзяць старыя часы, даволі многа было іншаземных турыстаў. Цяпер жа гэты паток у Беларусь наогул зьменшыўся".
Адна з найбольшых праблемаў музэю — абмежаванасьць плошчаў. Супрацоўнікі сьцьвярджаюць, што маглі б экспанаваць куды больш. Вось што з гэтай нагоды гаворыць Аляксандар Ярашэвіч:
(Ярашэвіч: ) "Экспанатаў у нас тысяч 15-17. У гэтым сэнсе наша калекцыя іканапісу — другая ў Беларусі пасьля Мастацкага музэю. Выдатная калекцыя народнага ткацтва, керамікі. Фонды вельмі добрыя. У нас плошча фонду роўная плошчы экспазыцыі. А вось экспазыцыя малаватая: 600 квадратных мэтраў — гэта зусім нямнога. Мы маглі б заняць у два-тры разы болей".
Нягледзячы на свой па-ранейшаму няпэўны статус, супрацоўнікі музэю імкнуцца актыўна ўдзельнічаць у жыцьці краіны. Прыкладам, на базе музэю выдаецца мэтадычная літаратура — гэтага, дарэчы, ня робіць ніводная музэйная ўстанова Беларусі. Сама ж унікальная калекцыя, паводле кіраўніка музэю Віктара Шматава, служаць выдатнай навуковай пляцоўкай для напісаньня кандыдацкіх ды доктарскіх працаў.