ГРАЕР БАЛЬЯН: МЫ АТРЫМАЛІ ЗАПРАШЭНЬНЕ, АЛЕ КАНСУЛЯТ ВЫДАЦЬ НАМ ВІЗЫ СЁНЬНЯ НЯ МОЖА

Максім Лукашэвіч, Прага

(Карэспандэнт: ) “Ці можаце Вы пацьвердзіць факт афіцыйнага запрашэньня дэлегацыі назіральнікаў БДІПЧ з боку беларускіх уладаў прыехаць у Беларусь для назіраньня за выбарамі?”

(Бальян: ) “Так, мы атрымалі запрашэньне сёньня каля 12:00 менскага часу. Запрашэньне было адрасаванае БДІПЧ – ніякага імя нейкага нашага суцпрацоўніка там не фігуравала. Яно датаванае сёньняшнім днём. Мы атрымалі яго факсам, іншых датаў на ім не пазначана. Аднак, яшчэ ня маем візаў. Мы падалі заявы, каб нам тэрмінова выдалі візы, і мы гатовыя ехаць, як толькі атрымаем візу – нават і сёньня, але выглядае, што сёньня мы візаў не атрымаем. Нас паінфармавалі, што ў кансуляце тут сумняюцца, што сёньня змогуць нам выдаць візы. Але мы гатовыя ляцець любым наступным авіярэйсам”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня адзін з нашых карэспандэнтаў гутарыў з сакратаром кампартыі Аленай Скрыган, якая сказала, што ўжо занадта позна для арганізацыі доўгатэрміновага назіраньня, бо ўжо прапушчаныя два вельмі важныя этапы – збор подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў”.

(Бальян: ) “Гэта праўда, што мы не назіралі і ня зможам назіраць за працэсам рэгістрацыі кандыдатаў. Гэта павінна было быць часткай нашай доўгатэрміновай назіральнай місіі. Мы, такім чынам, не назіралі за часткай выбарчага працэсу, якая ёсьць вельмі важнаю”.

(Карэспандэнт: ) “Раней была дамова з расейскім Цэнтарвыбаркамам адносна каардынацыі назіраньня з АБСЭ. Ці застаецца яна актуальнаю?”

(Бальян: ) “Так, абсалютна. Мы спадзяемся супрацоўнічаць зь місіяй Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая ўжо знаходзіцца ў Менску. Прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму Расеі ёсьць у складзе гэтай місіі. Мы будзем каардынаваць нашую працу зь імі, як толькі прыляцім у Менск”.

(Карэспандэнт: ) “Цэнтарвыбаркам Беларусі накіраваў індывідуальныя запрашэньні шэрагу замежных палітыкаў з розных краінаў. Якая роля будзе ў такіх назіральнікаў згодна з практыкай АБСЭ?”

(Бальян: ) “Як і летась падчас парлямэнцкіх выбараў беларускі Цэнтарвыбаркам аднабакова запрасіў некалькі прадстаўнікоў міжурадавых, парлямэнцкіх і няўрадавых арганізацыяй і асобаў з краінаў АБСЭ і іншых, у тым ліку з Сырыі, Ізраілю і гэтак далей. Краіны-члены АБСЭ і эўрапейскія міжурадавыя арганізацыі, як Рада Эўропы, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, Эўрапарлямэнт – яны ўсе ясна далі зразумець, што будуць накіроўваць сваіх назіральнікаў праз місію БДІПЧ, калі яна будзе разьмешчаная ў Менску. Што да іншых, якія былі асобна запрошаныя летась, дык я не зьдзіўлюся, што іх запросяць і сёлета. Але яны не накіраваныя праз АБСЭ, бо нашая назіральная місія абмежаваная толькі назіральнікамі з краінаў-членаў АБСЭ. Гэта фундамэнтальнае адрозьненьне. Будуць і іншыя як арганізацыі, так і асобы з краінаў АБСЭ, якія ня будць удзельнічаць у нашай місіі. Яны летась заставаліся незалежнымі, і, праўдападобна, застануцца такімі і сёлета”.