Як паведамілі ўдзельнікі мерапрыемства, сэнс гэтых акцыяў – памяняць “старызну” на “навіну”. Пачалі з абмену кнігаў часоў разьвітога сацыялізму, якія страцілі маладога чытача, на беларускія выданьні па гісторыі краіны, нацыянальнаму мастацтву і на творы вялікага земляка Ўладзімера Караткевіча.
Першай падыйшла бабуля, якая з сабой кніг ня мела, але, зацікаўленая, паабяцала прынесьці заўтра цэлы стос. Затым муж з жонкай сярэдняга веку прынесьлі тузін кніг па гісторыі КПСС, пра жыцьцё Леніна і па камуністычнай эстэтыцы. Для абмену яны выбралі дзьве беларускіх кнігі па мастацтве і аўдыёкасэту “Крыві”.
Усяго паўдзельнічала ў абмене прыкладна каля дзесяці чалавек. Яшчэ столькі ж паабяцала прыйсьці і прынесьці кнігі на наступны дзень. А гурт падлеткаў дамовіўся, каб заўтра абмяняць велізарны афіцыйны чырвона-зялены сьцяг на відэакасэту зь фільмам “Матрыца” у беларускім перакладзе.
Шэраг акцыяў “Час мяняць” завершыцца 9-га верасьня. У гэты дзень моладзь зьбіраецца зьмяніць старога прэзыдэнта на новага.