Беларусь перашкаджае падрыхтоўцы да назіраньня за выбарамі.
Нягледзячы на неаднаразовыя запэўненьні – заявіў Рычард Баўчэр, – урад Беларусі дагэтуль не даслаў запрашэньняў, каб дазволіць прадстаўнікам Арганзіацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі 9 верасьня 2001 году. Парушыўшы свае міжнародныя абавязаньні, урад Беларусі адмовіўся выдаць візы назіральнай групе АБСЭ, якая плянавала пачаць працу ў Беларусі 1 жніўня. Назіраньне за выбарамі з боку прадстаўнікоў АБСЭ, як замежных гэтак і беларускіх, неабходнае для вызначэньня ступені законнасьці выбарчага працэсу. Злучаныя Штаты выказваюць шкадаваньне з прычыны затрымкі ў высылцы запрашэньняў выбарчым назіральнікам АБСЭ. Затрымка ў выдачы запрашэньняў перашкаджае дзейснаму міжнароднаму назіраньню за выбарамі.
Злучаныя Штаты пасьлядоўна падтрымваюць дэмакратычны працэс у Беларусі, – працягваў далей Рычард Баўчэр, – улучна з правядзеньнем празрыстых і справядлівых выбараў. Ключом да адкрытага выбарчага працэсу зьяўляюцца ўмовы, вызначаныя летась АБСЭ і абавязаньнямі Беларусі ў рамках Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ. Гэтыя ўмовы патрабуюць пакласьці канец атмасфэры страху, даць усім кандыдатам роўны доступ да дзяржаўных сродкаў інфармацыі, паважаць свабоду сходаў, забясьпечыць празрыстасьць і справядлівасьць падчас рэгістрацыі кандыдатаў і працы выбарчых камісіяў. Дагэтуль урад Беларусі ня выканаў ніводнай з гэтых умоваў. Апошнімі тыднямі міліцыя ўчыніла напады на няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца партыйна незаангажаванай дзейнасьцю, зьвязанай з выбарамі, а таксама незаконна канфіскавала абсталяваньне, якое належыць ураду ЗША. Злучаныя Штаты асуджаюць канфіскацыю ў Беларусі абсталяваньня, якое належыць ураду ЗША, заклікае беларускі рэжым шанаваць свае двухбаковыя і шматбаковыя абавязаньні і абяцаньні і неадкладна вярнуць нам неправамерна канфіскаванае абсталяваньне.
Мы заклікаем Беларусь, – сказаў на заканчэньне Рычард Баўчэр, – ужыць неадкладныя захады ў стварэньні ўмоваў для свабодных і справядлівых выбараў 9 верасьня, на падставе міжнародных стандартаў і ў якасьці выкананьня ўзятых на сябе міжнародных абавязаньняў. Невыкананьне гэтых патрабаваньняў паставіць пад сумнеў верагоднасьць усяго выбарчага працэсу і перашкодзіць паляпшэньню дачыненьняў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.