ЦІ ВЯЛІКІЯ ШАНЦЫ ЛУКАШЭНКІ ПЕРАМАГЧЫ НА ВЫБАРАХ?

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Учорашнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з расейскімі і беларускімі журналістамі расейская прэса асьвятляе перадусім з гледзішча перадвыбарчай барацьбы. Газэта “Время новостей” вылучае ў загаловак сваёй публікацыі словы Лукашэнкі: “Народ ня мае права адрынуць Лукашэнку”, бо, – далей аўтар Юры Андрэеў зноў цытуе прамоўцу, – свой народ “ён мілаваў, бярог, песьціў, абараняў”. Журналіст зьвяртае ўвагу, што Лукашэнка ўвесь час падкрэсьліваў немагчымасьць сваёй паразы на выбарах. Газэта цытуе жарты Лукашэнкі пра тое, што калі ён усё ж прайграе выбары, то эмігруе ў Ізраіль. І нарэшце – адказ на пытаньне, ці ня сталі зьніклыя палітыкі ахвярамі ягонага загаду, аддадзенага ў імпэце гневу: калі б ён аддаваў такія загады пад уплывам эмоцыяў, то “мала б жывых засталося…”

Журналістка папулярнай газэты “Московский комсомолец” Кацярына Віан у артыкуле пад загалоўкам “Цемра з машыны часу: Лукашэнка перакачаваў у 2002 год” свае назіраньні за палітычным жыцьцём Беларусі сфармулявала фразай: “Чым бліжэй выбары, тым больш скандалаў”. У якасьці прыкладу выяўленьня “жаданьня беларускага лідэра працягнуць сваё палітычнае жыцьцё ў любы спосаб” яна прыводзіць знакамітыя каляндарыкі на наступны год з выяваю Лукашэнкі і подпісам “прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”. Газэта сьцьвярджае, што “выбарчая кампанія, безумоўна, трывожыць вярхоўнага начальніка. Нэрвы за апошні месяц у Лукашэнкі моцна расшаталіся.” На думку “Маскоўскага камсамольца”, прычынаю таму імклівае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі. “Патыхае югаслаўскім варыянтам. Па ўсёй рэспубліцы прыхільнікаў цяперашняга прэзыдэнта набіраецца крыху болей за 30 адсоткаў, а па Менску – менш за 26. Такая статыстыка, безумоўна, на карысьць супрацьлегламу лягеру, у якім ужо вызначыўся свой Каштуніца – як вядома, адзіным кандыдатам стаў прафсаюзны лідэр Уладзімер Ганчарык. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у апазыцыі ўжо ёсьць дамоўленасьць пра супрацоўніцтва з трыма расейскімі тэлеканаламі – ОРТ, НТВ і ТВ-6, якія вяшчаюць на тэрыторыю рэспублікі, што ў дачыненьні да першых двух каналаў наўрад ці стала б магчымым бязь ведама Крамля,” – завяршае сваю публікацыю аўтарка “Маскоўскага камсамольца”

Зусім інакш убачыў шанцы Лукашэнкі адзін з найбольш папулярных за савецкія часы палітычных аглядальнікаў Усевалад Аўчыньнікаў. Пасьля вандроўкі па Беларусі ў яго склалося ўражаньне, што ўсе канкурэнты Лукашэнкі “моцна саступаюць яму паводле папулярнасьці… За Лукашэнку прагаласуюць вяскоўцы, а ў гарадох – старэйшае пакаленьне, людзі занятыя ў рэальным сэктары эканомікі, значная частка навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, студэнцтва – адным словам, усе, каго мы называем у Расеі дзяржаўнікамі”. Прычыну аўтар вялікага артыкулу ў дадатку “Союз” да “Российской газеты” Ўсевалад Аўчыньнікаў бачыць у тым, што “цяперашняе кіраўніцтва не паддалося спакусе пайсьці па скрайне балючаму для народу шляху “шокавай тэрапіі”. Яно не дапусьціла “прыхватызацыі”, ня стала прадаваць за так заводы, фабрыкі, нетры, зямлю, а абрала шлях эвалюцыйных пераўтварэньняў – шмат у чым сугучны кітайскай мадэлі рыначных рэформаў,” – робіць выснову Ўсевалад Аўчыньнікаў.

Вядомы ў Расеі і ў Беларусі па тэлепраграме “Однако” ГРТ публіцыст Максім Сакалоў артыкулу ў сёньняшнім нумары газэты “Известия” назваў словамі Старой з пушкінавай “Казкі пра залатую рыбку” – “Хочу быть владычіцей морскою”. Аўтар шукае адказу, навошта было Лукашэнку, які ўжо аб’явіў, што яго падтрымаюць 90 адсоткаў выбаршчыкаў, за месяц да іх распачынаць змаганьньне “зь сіламі зла – Захадам”? Працытуем меркаваньне спадара Сакалова:

“Пасьпяховыя дыктатары прапануюць пад назовам “выбары” сваім падданым… мерапрыемства, якое правярае на ўшывасьць далёка не кандыдата, але выбаршчыка. Выбары пераўтвараюцца ва ўрачыстую праверку падданых на ляяльнасьць, у цырымонію публічнай прысягі на адданасьць… Гэта будуць самыя свабодныя ў сьвеце выбары савецкага ўзору, дзе беларусы, шчасьліва ўратаваныя ад пагібелі, якую ім нясуць Вік і Захад, як адзін прысягнуць цудоўнаму збаўцу. Абнаўленьне харызмы праз праверку на ляяльнасьць. Калі сабраліся маляваць 90 адсоткаў, то і намалююць, міжнародным назіральнікам у гэтай творчай майстэрні рабіць і сапраўды няма чаго, але таксама няма чаго рабіць і расейскім палітыкам. Апроч таго, што непрыняцьце Захадам Лукашэнкі ня ёсьць падставаю дзеля аўтаматычнай індульгэнцыі на ўсе дзяяньні прэзыдэнта РБ. Трэба ж разумець, што цудоўныя 90 адсоткаў будуць выкарыстаныя Лукашэнкам для гульні далёка не на заходнім накірунку (там лавіць усё роўна няма чаго), а для больш сьмелай размовы з Расеяй. Дапамагаць яму ў стварэньні ўмоваў для будучай сьмелай размовы даволі дурнавата... Так што адзіны разумны адказ на перадвыбарчыя скокі Лукашэнкі – пагардліва-адчужанае “Вы малюйце, вы малюйце, вам залічыцца…” Выказвае сваё меркаваньне расейскі публіцыст Максім Сакалоў на старонках сёньняшняй расейскай газэты “Известия”.