Упершыню за апошнія гады на прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі запрасілі прадстаўнікоў незалежных СМІ, ці, як назваў іх сам А.Лукашэнка, апазыцыйных.
Спробы карэспандэнта Свабоды акрэдытавацца на гэтую сустрэчу посьпеху ня мелі. Гэта зразумела на фоне выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі — што пашырэньне эфіру беларускай службы Радыё Свабода — недружалюбны крок і ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі.
Гаворачы пра будучыя прэзыдэнцкія выбары, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускі народ проста абавязаны яго пераабраць. Ён сказаў, што не разумее, як будуць кіраваць ягоныя супернікі ў выпадку перамогі на выбарах.
(Лукашэнка: ) "Я не разумею, як яны будуць кіраваць дзяржавай. Былы партыйны функцыянэр, цяпер прафсаюзны дзеяч. Ягоная ідэалёгія зразумелая. На 63-м годзе тут наўрад што зьмянілася. Раптам яму захацелася рэфармаваць краіну. Будзе рэформа. Будаваў адну краіну, цяпер на 63-м годзе будзе рэфармаваць гэтую краіну".
Спадар Лукашэнка паабяцаў нарэшце запрасіць міжнародных назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалвека АБСЭ, зазначыўшы, што такое рашэньне прынята ім, ЦВК і МЗС, паколькі ён лічыць, што 8-10 чалавек тут надвор'я ня робяць.
(Лукашэнка: ) "Можна было б, канечне, іх і не запрашаць. Але навошта? Каб потым і БелаПАН, і "БДГ", і ў "Белорусской газете" ды іншых СМІ мяне абвінавацілі, што я баюся".
Сёньня, відаць, упершыню А.Лукашэнка выказаўся наконт свайго псыхічнага здароўя. Пытаньне задала карэспандэнтка "Белорусской деловой газеты" Ірына Халіп:
(Халіп: ) "Аляксандар Рыгоравіч, апошні час у краіне, ды і за яе межамі ўпарта ходзяць чуткі пра вашае псыхічнае нездароўе. Многае ў вашых паводзінах гэта пацьвярджае — напрыклад, лыжныя гонкі на асфальце пасярод лета. Чаму вы ня хочаце прайсьці незалежнае псыхіятрычнае абсьледаваньне, гэта ж у любым выпадку будзе выгадна для вас: альбо вы ўсім пляткарам ўціраеце нос сваім выдатным псыхічным здароўем, альбо вы далей жывяце спакойна, ведаючы, што вы не адказваеце ні за якія свае дзеяньні, у тым ліку і злачынныя, паколькі вы на момант іх учыненьня былі псыхічна нездаровы".
(Лукашэнка: ) "Ну дзякуй, за вельмі шчырае пытаньне, Ірына. У адной заяве, некалькіх сказах мяне яшчэ ніхто так не абзываў — злачынцам, нездаровым псыхічна і гэтак далей. Але дзякуй за шчырасьць. Вы сказалі пра нейкую незалежную камісію, хто яе будзе ўзначальваць — вы? Ці можа мне ў ЗША паехаць прайсьці гэтую камісію? Я разумею, што вы проста мяне шантажуеце. За сем гадоў мяне ўжо і распраналі, і апраналі, і вярцелі, і круцілі...
Я не хачу сказаць, што я не рабіў нейкіх памылак, паводзіны мае былі абсалютна такімі, што ўсім падабаліся. Тым больш я чалавек эмацыйны. Ну прайду я нашу камісію, а штогод я праходжу мэдкамісію па ўсіх накірунках. Прайду я камісію, абвінавацяць, скажуць: гэта ж лекары. Ну паеду я на ваш Захад праходзіць гэтую камісію. Ну і што? Ельцын быў сябрам Захаду, Лукашэнка — ніякі не сябар. Калі вас цікавіць маё здароўе, я магу вам прадставіць магчымасьць пераканацца ў нармальным стане майго здароўя ў Беларусі".
На думку А.Лукашэнкі, народ — самая незалежная камісія. Здароўе прэзыдэнта, паводле ягонага выказваньня, — як шафа, зь якой трэба зьдзьмуваць пыл, гэта казённая маёмасьць. Ірына Халіп, працягваючы тэму эмацыйнасьці А.Лукашэнкі, задала пытаньне, ці ня мог ён у эмацыйным запале аддаць загад на зьнішчэньне сваіх апанэнтаў. Ён адказаў, што ён ня дурань, каб даваць такія "глупыя загады".
Тэму зьніклых палітыкаў працягнула журналістка "Народнай волі" Марына Коктыш:
(Коктыш: ) "Калі вы асабіста ня маеце ніякага дачыненьня да зьнікненьня вядомых асобаў, дарэчы, вашых галоўных палітычных апанэнтаў, то чаму б вам не аддаць загад аб стварэньні незалежнай міжнароднай камісіі па вывучэньні й ацэнцы дакумэнтаў, якія абнародаваў спадар Ганчарык?"
(Лукашэнка: ) "Няма чаго абвяргаць, Марына. Гэта вам хочацца, каб гэта былі як дакумэнты. А дакумэнтаў няма. Гэта першае. А другое, вы зноў як пра здароўе, гаворыце аб стварэньні міжнароднай незалежнай камісіі. Калі вы хочаце сказаць, што я заўтра прывяду ФБР сюды, яшчэ нейкія заходнія структуры і яны будуць весьці сьледзтва, то вы не дачакаецеся, таму што я ведаю, якія вывады Захад зробіць. Гэта ўсё там зварана. Гэтае варыва заваранае там".
Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра зьніклых палітыкаў, казаў, што не аддзяляе іх ад тых 3 000 грамадзянаў, якія таксама зьніклі бязь вестак. Затое ён выказаў надзвычайную чульлівасць да іншага чалавека, які быў затрыманы КГБ, Дзьмітрыя Паўлічэнкі:
(Лукашэнка: ) "Вы ведаеце, як дапрошвалі гэтага чалавека? Я вам пакажу некаторыя дакумэнты, і вы пабачыце, як быў затрыманы гэты чалавек. Вось калі б ня ён быў затрыманы, а нехта з вашай кампаніі. І такім чынам яго ноччу дапытвалі, затрымалі па адным артыкуле, а ў выніку, нічога не дабіўшыся за ноч, пасадзілі па іншым... Калі б гэта было з вашымі людзьмі, вы б такі віск узьнялі, што перавярнулася б ня толькі Беларусь, але і ўся краіна", — сказаў Лукашэнка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.