БУХВОСТАВА ПЕРААБРАЛІ СТАРШЫНЁМ ПАРТЫІ ПРАЦЫ

Міхал Стэльмак, Менск

Са справаздачным дакладам на пятым зьезьдзе Беларускай партыі працы выступіў лідэр партыі Аляксандар Бухвостаў. Паводле ягоных словаў, партыя, нягледзячы на 8-гадовую гісторыю, ня здолела набыць у грамадзтве шырокай вядомасьці. Зараз, напрыклад, у складзе партыі толькі 1240 сяброў.

Прамоўца патлумачыў гэта працяглым панаваньнем аўтарытарнага ладу, створанага Аляксандрам Лукашэнкам. У гэтай сувязі, як зазначыў з трыбуны форуму Аляксандар Бухвостаў, партыі востра патрэбная перамога на прэзыдэнцкіх выбарах:

(Бухвостаў: ) "Наша партыя падтрымлівае адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Мы будзем на яго працаваць. Усё, што магчыма, мы мабілізуем дзеля дасягненьня гэтай мэты. Хаця мы й невялікая партыя, але зараз назіраецца палітызацыя насельніцтва, і таму ў нас ёсьць спрыяльныя ўмовы. У прыватнасьці, далучыўся да гэтага працэсу шмат хто з прафсаюзных лідэраў. Яны ўсе ўжо працуюць у штабе адзінага кандыдата".

Як вядома, лідэр партыі працы адначасова ёсьць лідэрам галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу. Апроч яго, у сёньняшнім форуме бралі ўдзел і іншыя вядомыя прадстаўнікі прафсаюзаў. Гаворыць адзін зь іх, намесьнік старшыні галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Анатоль Дарагакупец:

(Дарагакупец: ) "Калі зірнуць на гісторыю стварэньня Беларускай партыі працы, то ейнай базай ёсьць прафсаюзы. Таму ў складзе гэтай партыі даволі шмат прафсаюзных актывістаў, кіраўнікоў прафаюзных органаў. Для сябра нашай партыі альбо прадстаўніка прафсаюзу недастаткова толькі паставіць асабісты подпіс за нашага кандыдата ў прэзыдэнты. Для таго, каб ад прафсаюзаў быў абраны кіраўніком нашай дзяржавы Ўладзімер Ганчарык, мы мусім шмат працаваць зараз".

На сёньняшнім партыйным форуме выступіў і Ўладзімер Ганчарык. Ён выказаў падзяку прадстаўнікам партыі за актыўны ўдзел у ягонай кампаніі падчас збору подпісаў і заклікаў гэтак жа актыўна правесьці новы этап прэзыдэнцкага марафону. Як вынікае з выступу Ўладзімера Ганчарыка, у выпадку ягонай перамогі на выбарах прафсаюзы, рабочыя, дробныя прадпрымальнікі, чые інтарэсы адстойвае Партыя працы, атрымаюць шырокія магчымасьці для рэалізацыі.

Аляксандар Бухвостаў быў пераабраны на зьезьдзе лідэрам партыі. Вось што ён заявіў нашаму радыё:

(Бухвостаў: ) "Будзем працягваць барацьбу. Я мяркую, што той досьвед, які мы набудзем, ён дапаможа ўмацавацца партыі. Ён прыцягне да нас новыя сілы. Нам варта аб'яднаць увесь рабочы рух у палітычным пляне".