Многія менчукі напярэдадні фэстывалю сустракалі нязвыклыя абвесткі ў цэнтры гораду. Ня верылася, што можна будзе бесьперашкодна паглядзець на вялікім экране "Звычайнага прэзыдэнта", стужкі пра "аксамітную" рэвалюцыю ў Чэхаславаччыне, гісторыю стварэньня "Хартыі-77", фільмы пра прэзыдэнта Каштуніцу й журналіста Бабіцкага.
Апасеньні спраўдзіліся. Адкрыцьцё фэстывалю было сарванае літаральна за некалькі гадзінаў да пачатку дэманстрацыі стужак: адміністрацыя менскага Музэя кіно скасавала папярэднія дамоўленасьці й адмовіла ў памяшканьні арганізатарам — чэскай фундацыі "Людзі ў бядзе" і беларускаму Моладзеваму інфармацыйнаму цэнтру.
Зараз ініцыятары вымушаныя шукаць іншых шляхоў, каб фільмы трапілі да гледача. Гаворыць сябра Моладзевага інфармацыйнага цэнтру Алесь Мазур:
(Мазур: ) "У дзесяці гарадох кожнай вобласьці будуць праходзіць прагляды. Гэтым будуць займацца людзі на месцах. Месяц таму мы гэтых людзей зьбіралі, і дзякуючы ім гэтыя прагляды мусяць адбыцца".
(Карэспандэнт: ) "Ці будзеце спрабаваць зрабіць кінапаказ у Менску пасьля няўдалай спробы з Музэем кіно?"
(Мазур: ) "Так, спроба будзе ўжо 13 жніўня. Мы мяркуем, што гэта будзе іншае месца, іншае памяшканьне. Але пакуль мы гэтага не афішуем. Будуць плякаты, тады будзем распаўсюджваць больш падрабязную інфармацыю".
(Карэспандэнт: ) "Колькі стужак усяго будзеце дэманстраваць?"
(Мазур: ) "Пятнаццаць. Пяць беларускіх, чатыры чэскія, дацкая, эстонская, ангельская; наогул, з розных краінаў".
Тэматыка фільмаў, якія так непакояць беларускія ўлады, цалкам прысьвечаная барацьбе з таталітарызмам й пераломным момантам у сучаснай гісторыі дзяржаваў Усходняй Эўропы: Югаславіі, Чэхіі, Літвы, Босьніі, Альбаніі, Чачэніі ды іншых. Арганізатары мяркуюць, што прыйшоў час уключыць у гэты сьпіс і Беларусь.
Я патэлефанаваў каардынатару па Беларусі ад чэскай фундацыі "Людзі ў бядзе" Адаму Гаўліну. Ён распавёў, што ідэя правядзеньня такога кінафэстывалю цалкам належыць фундацыі, і ён ужо стаў традыцыйным ня толькі ў Чэхіі, але й штогод праводзіцца ў іншых краінах — Югаславіі, Польшчы, Славакіі. Сёлета вырашылі падключыць да гэтае справы й Беларусь. У адказ на пытаньне, ці існуе верагоднасьць таго, што фэстываль можа не атрымацца з прычыны супрацьдзеяньня беларускіх уладаў, спадар Гаўлін выказаў спадзяваньне на разважлівасьць дзяржаўных асобаў.
Застаецца дадаць, што самі арганізатары фэстывалю паспыталі перасьлед з боку беларускіх уладаў яшчэ раней. Некалькі месяцаў таму з краіны дэпартавалі прадстаўніка фундацыі "Чалавек у бядзе" Міхала Плаўца (ягоная стужка пра Беларусь таксама прадстаўленая ў фэстывальнай праграме). Што да Моладзевага інфармацыйнага цэнтру, то ў сувязі зь ягонымі кантактамі з чэскай фундацыяй у офісе цэнтру неаднаразова праводзілі ператрусы.