КОЗАК АДКІДАЕ АБВІНАВАЧАНЬНІ ЛУКАШЭНКІ ШТО ДА КАМПУТАРНАЙ СЕТКІ ДЛЯ НАЗІРАНЬНЯ ЗА ВЫБАРАМІ

Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ўвечары ў менскім гатэлі "Беларусь" адбылася традыцыйная сустрэча беларускіх выпускнікоў амэрыканска-нямецкага цэнтру імя Джорджа Маршала, што месьціцца ў баварскім горадзе Гарміш-Партэнкірхэн. На прыём прыйшлі ня толькі дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец і кіраўніца сакратарыяту парлямэнцкага прэзыдыюму Валянціна Сьвяцкая, але й іншыя выпускнікі цэнтру, у тым ліку афіцэры Міністэрства абароны Беларусі. Усяго ў Гармішы вучыліся больш за 50 беларусаў.

Сёньня іх вітаў дырэктар Цэнтру Маршала доктар Робэрт Кенэдзі, які ўпершыню наведаў Беларусь. Таксама выступілі амбасадары ЗША й Нямеччыны. Прадстаўнік апошняй Горст Вінкельман адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў наконт нямецкага грамадзяніна Крыстафэра Леца, былога супрацоўніка Цэнтру Маршала, які два тыдні таму быў асуджаны Беларускім вайсковым судом да 7 гадоў калёніі.

"Я нічога ня ведаю. Я быў у Віцебску", — з усьмешкай заявіў нямецкі амбасадар.

Але на пытаньне пра спадара Леца пазьней адказаў ягоны былы начальнік Робэрт Кенэдзі.

(Кенэдзі: ) "Я не магу пракамэнтаваць сапраўднасьць абвінавачаньняў супраць спадара Леца, таму што, шчыра кажучы, я ня бачыў гэтых абвінавачаньняў. Я ня ведаю дакладна, да чаго яго прыгаварылі. Я ня ведаю тых працэдураў, якія прымяняліся, і прысуду", — заявіў спадар Кэнэдзі, дырэктар Цэнтру імя Джорджа Маршала.

Амэрыканскі амбасадар Майкл Козак дадаў, што ня мае аніякага ўяўленьня пра тое, што рабілі з Крыстафэрам Лецам цягам некалькіх месяцаў у сьледчым ізалятары й потым у часе працэсу. "Для мяне гэта кажа больш пра сыстэму правасудзьдзя, чым пра што-небудзь іншае", — заявіў амбасадар Козак.

Сёньня ў гатэлі "Беларусь" кіраўнік амэрыканскае місіі ў Менску тройчы сказаў наконт прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня, што пасьля іх стастункі ЗША й Беларусі альбо вельмі палепшацца, альбо значна пагоршацца.

Таму я папрасіў Майкла Козака пракамэнтаваць абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што амэрыканская амбасада ў Менску ўсталявала ў беларускай правінцыі кампутарную сетку, якая нібыта будзе выкарыстоўвацца для фальсыфікацыі вынікаў выбараў і падрыхтоўкі "югаслаўскага варыянту" з абвешчаньнем "беларускага Каштуніцы". Вось што адказаў амбасадар Козак:

(Козак: ) "Злучаныя Штаты, як і шмат іншых краін і арганізацыяў, падаравалі ці далі ў арэнду рознае абсталяваньне і іншую дапамогу розным няўрадавым установам, незалежнай прэсе, ня кажучы ўжо пра ўрадавыя ўстановы. Мы далі абсталяваньне й дапамогу дзяржаўным унівэрсытэтам і дзяржаўным бібліятэкам, мы толькі што, на мінулым тыдні, адкрылі шпіталь у Гомелі.

Таму няма сакрэту ў тым, што ўсё гэта зрабілі. Мы публікуем гэта, вельмі адкрыта. Сярод гэтай дапамогі былі кампутары, якія йдуць розным арганізацыям па ўсёй краіне і, зноў жа, выкарыстоўваюцца вельмі адкрыта. Злучаныя Штаты таксама аказвалі дапамогу — разам зь іншымі краінамі ў рамках АБСЭ — беларускаму народу ў разьвіцьці сеткі незалежных назіральнікаў для назіраньня за выбарамі ў Беларусі.

Урадавыя чыноўнікі пастаянна кажуць нам, што гэта права, якое мае кожны беларус згодна з Канстытуцыяй, — назіраць за выбарамі. Гэта вельмі традыцыйная рэч, якую робяць зараз ва ўсіх краінах. Гэта задумана дзеля таго, каб павялічыць упэўненасьць і давер да вынікаў выбараў — калі выбары зьяўляюцца празрыстымі і іншыя людзі могуць бачыць іх.

І, відавочна, калі вы назіраеце, вам таксама патрэбны нейкі шлях збору гэтай інфармацыі. Я не магу казаць як пра факт, але я не зьдзіўлюся, калі некаторыя зь няўрадавых арганізацыяў, што бяруць удзел у сетцы назіраньня, будуць выкарыстоўваць некаторыя са сваіх кампутараў ці нашыя кампутары з гэтай мэтаю — як частку ўнутранага назіраньня.

Таму што ўся ідэя ў тым, што гэтая сетка мусіць зрабіць гэтыя рэчы больш празрыстымі. Гэта добра відаць вам, прадстаўнікам прэсы, міжнародным назіральнікам. Так што ніхто не павінен быць занепакоены, што гэтым будуць злоўжываць дзеля неадпаведнай мэты", — заявіў амбасадар ЗША Майкл Козак, камэнтуючы цьверджаньні Аляксандра Лукашэнкі, што ЗША стварылі кампутарную сетку для фальсыфікацыі вынікаў выбараў у Беларусі й абвешчаньня "беларускага Каштуніцы".