ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111. СЛУХАЧЫ СВАБОДЫ ПІШУЦЬ ПРА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА

Лісты камэнтуе Валянцін Жданко

Гэта важна ўлічыць, бо фактычна ўсе допісы слухачоў у гэтыя дні — на тэмы, так ці йнакш зьвязаныя з выбарамі. А адсутнасьць адзінага кандыдата ад апазыцыі накладвала на настроі слухачоў своеасаблівы адбітак, і гэта вельмі адчувальна ўплывала на зьмест лістоў.

Вось адзін з тыповых допісаў апошняга тыдня, які даслаў наш даўні слухач, актывіст Таварыства беларускай мовы Юры Гіль зь Вільні. Ён піша:

“Я неяк яшчэ раней пісаў у газэту “Рунь”, што адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў павінен быць Васіль Быкаў. Але гэтага, на жаль, не здарылася.
Цяпер жа, на мой погляд, сытуацыя такая.
Па-першае, Зянон Пазьняк ні ў якім разе (на вялікі жаль) прэзыдэнцкія выбары не выйграе, бо большасьць беларускага насельніцтва яшчэ не дарасла да ягонай нацыянальнай ідэі;
па-другое, Лукашэнка са сваіх рук уладу ні за што ня выпусьціць. Выбары будуць сфальшаваныя, і ён застанецца пры ўладзе;
па-трэцяе, з дэмакратычнай “пяцёркі” найбольш пэрспэктыўным выглядае прафсаюзны лідэр Уладзімер Ганчарык. Усе астатнія, калі ім удасца дамовіцца, павінны на яго працаваць.
Чаму Лукашэнка так лёгка выйграў выбары першы раз? Бо тады на яго працавалі гэтак званыя “байцы нябачнага фронту” — КГБ. Калі КГБ будзе за яго і цяпер, то ён зноў пераможа — тым больш, маючы адміністрацыйны рэсурс і магчымасьць для маніпуляцыяў з падлікам галасоў. Хацелася б, каб я ў сваіх прагнозах памыліўся, але гэтага, упэўнены, не адбудзецца”,

— напісаў Юры Гіль зь Вільні.

Падобныя прагнозы, спадар Гіль, дасылаюць многія нашыя слухачы, якія ня вераць у магчымасьць хуткіх зьменаў у Беларусі. Я ў такіх выпадках заўсёды згадваю выбары 94-га году. Тады напярэдадні галасаваньня таксама было вельмі шмат прагнозаў (і ня толькі дылетанцкіх, а і нават сур’ёзных дасьледчыкаў, палітолягаў) наконт таго, што Вячаслаў Кебіч уладу ні за што не ўпусьціць. У якасьці доказаў называліся тыя ж аргуманты — і адміністрацыйны рэсурс, і КГБ, і падтрымка Масквы. У сапраўднасьці ж вонкавая маналітнасьць тае ўлады была ўяўнай — і выбары гэта паказалі.

Думкі спадара Гіля падзяляе і другі наш сталы слухач і аўтар, удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску. Ён піша:

“Лукашэнка можа спаць спакойна: ягоныя вэртыкальшчыкі ў камісіях налічаць яму галасоў столькі, колькі ён захоча. І ўсё гэта падасьць людзям як вынік усенароднай і ўсеагульнай любові да яго.
А якім, так бы мовіць, “шэдэўрам” юрыдычнай думкі стаў дэкрэт Лукашэнкі №20! Усіх сваякоў захацеў Лукашэнка ўзяць пад свой кантроль — і дзядуль з бабулямі, і ўнучак з унукамі. Шкада толькі, што пляменьнікі ды швагры там не згадваюцца. Гэтая бязглузьдзіца выдадзеная яўна знарок, каб стварыць супернікам дадатковыя перашкоды, каб яны марнавалі нэрвы й час.
Я б на месцы Лукашэнкі дадаў да гэтага дэкрэта яшчэ адзін — самы галоўны — пункт: “забаронена вылучацца на другі тэрмін прэзыдэнту, які не выканаў хоць адно сваё перадвыбарчае абяцаньне”. Але Лукашэнка такі пункт не ўключыць, бо з тых абяцаньняў, якія ён сем гадоў таму шчодра раздаваў людзям, не выкананае фактычна ніводнае”,

— напісаў Віктар Скараход зь Менску.

Зноў жа, спадар Скараход, гэтае ўяўленьне пра мясцовую вэртыкаль улады як пра нешта маналітнае, як пра сьляпы й бяздумны інструмант — мне падаецца памылковым. Тое, што ўсе гэтыя людзі прызначаныя ці зацьверджаныя Лукашэнкам, яшчэ не азначае, што ўсе яны падзяляюць ягоныя погляды, лічаць ягоны палітычны курс правільным і гатовыя выканаць любы ягоны загад, а тым больш — загад злачынны (а менавіта злачынствам ёсьць фальсыфікацыя вынікаў выбраў). Многія мясцовыя чыноўнікі насамрэч усьведамляюць драматызм цяперашняй беларускай сытуацыі ў большай ступені, чым нават апазыцыянэры, бо штодня маюць справу з аб’ектыўнай інфармацыяй, якую афіцыйная прапаганда ўсяляк хавае.

На тэму адзінага кандыдата ад апазыцыі напісаў нам Уладзіслаў Жыгалка зь Менску. Цытата зь ягонага ліста:

“Я ўпэўнены: калі б адзіным кандыдатам ад апазыцыі быў абраны Домаш, то ўжо сёньня можна было б віншаваць Лукашэнку. Чыгіру, Казлоўскаму або Ганчарыку значна прасьцей знайсьці шлях да сэрцаў выбарцаў. Што да Пазьняка — дык паміж ім і Лукашэнкам ужо ставяць знак роўнасьці.
Да апошніх дзён выглядала так, што вялося “выкручваньне рук” усім дэмакратычным палітыкам на карысьць Домаша. Што гэта за змова супраць найбольш вядомых дзяячоў апазыцыі? Гарадзеншчына, дзе ведаюць Домаша, гэта ж яшчэ ня ўся Беларусь”,

— лічыць Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Сёньня ўжо, спадар Жыгалка, вашыя падазрэньні ў змове на карысьць Сямёна Домаша, як вядома, не актуальныя — яны не пацьвердзіліся. Тое, што “пяцёрка” прэтэндэнтаў знайшла паразуменьне й назвала імя адзінага кандыдата — на сёньня выглядае значным дасягненьнем аб’яднанай апазыцыі, якая дагэтуль у такіх прынцыповых і значных пытаньнях агульнай мовы часьцей за ўсё не знаходзіла.

Ліст ад Вольгі Залескай з Горадні — пра сёньняшніх пэнсіянэраў, якія жывуць у горадзе. Яна гэтак апісвае іх:

“Тыповы гарадзкі пэнсіянэр сёньня — гэта чалавек, які шукае, на чым бы яшчэ зэканоміць. Ён даношвае тое, што купіў 15-20 год таму, яшчэ пры савецкай уладзе. Ён харчуецца вырашчаным на ўласным лецішчы або купленымі за бесцань у нядобрасумленнага гандляра прадуктамі, тэрмін захоўваньня якіх даўно скончыўся. Ён корпаецца ў кантэйнэры для сьмецьця, шукаючы бутэлькі або макулатуру, якія можна здаць нарыхтоўшчыкам.
Дзіўна, але пры ўсім гэтыя людзі застаюцца прыхільнікамі Лукашэнкі. Чаму? Бо побач шмат такіх, хто жыве яшчэ горш. “Бамжы”, валацугі, жабракі, калгасьнікі, заробкі якіх яшчэ меншыя за мізэрныя пенсіі… Гледзячы на іх, многія пэнсіянэры лічаць сябе яшчэ ня самымі абяздоленымі. А іншага жыцьця яны ня бачылі. За мяжою не бываюць, бо, каб паехаць нават у суседнюю Польшчу, пэнсіі ня хопіць. Аб’ектыўна гэтая частка насельніцтва цягне Беларусь назад, бо яе з палону лукашэнкавых ілюзіяў, па-мойму, ужо ніхто ня вызваліць. Тым больш нашая не самая таленавітая апазыцыя”,

— напісала Вольга Залеская з Горадні.

Пры ўсёй слушнасьці вашых цікавых назіраньняў, спадарыня Вольга, усё ж, на маю думку, ня варта абагульняць. І сярод людзей сталага веку нямала тых, хто цьвяроза ўсьведамляе тое, што адбываецца, хто сувымярае свой жыцьцёвы ўзровень з узроўнем жыцьця пэнсіянэраў у суседніх краінах. Многія з гэтых людзей — сталыя слухачы Свабоды, некаторыя актыўна пішуць нам.

Так, сярод нашых дзядуль і бабуль нямала тых, хто апасаецца зьменаў, баючыся, каб ня стала яшчэ горш. І гэтыя настроі людзей, якія гэтулькі перажылі, трэба цярпліва ўспрымаць, разумець і ўлічваць.

На заканчэньне — ліст ад Міколы Саскевіча з Калінкавічаў. Ён піша:

“Наш беларускі народ згубіўся ў Эўропе, мы ніяк ня можам знайсьці сваё месца. Частка насельніцтва нічога ня ведае пра сваю гісторыю, у такіх людзей няма гонару за сваю Бацькаўшчыну. Таму й стала магчыма, што да ўлады ў Беларусі прыйшоў выпадковы чалавек.
У многім віна за гэта кладзецца на Расею. Цягам стагодзьдзяў імпэрыя імкнулася задушыць усё беларускае, нішчыла нашу мову й культуру.
У Расеі цяпер дэмакратычна абранае кіраўніцтва, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прыхільна ставіцца да эўрапейскай інтэграцыі і дэмакратычных каштоўнасьцяў. І цяпер, на маю думку, самы час, калі Расея павінна хаця б часткова загладзіць сваю гістарычную віну — а гэта значыць, прымусіць беларускі рэжым правесьці свабодныя і дэмакратычныя выбары. Расейскія мэдыі (і найперш тэлевізія) павінны праўдзіва і пастаянна распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі пры таталітарным рэжыме. Масква не павінна аказваць Лукашэнку ніякай палітычнай і эканамічнай падтрымкі перад выбарамі.
Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь пакрысе ўвогуле можа зьнікнуць з мапы Эўропы. Гэта страшна. Злучаныя Штаты і Заходняя Эўропа гэта ўжо зразумелі, таму і дапамагаюць нам як могуць, каб хутчэй выкараскаліся з гэтай ямы. А Расея адвярнулася ад нашых страшных падзеяў ды маўчыць. Чаму?”,

— пытаецца ў сваім лісьце Мікола Саскевіч з Калінкавічаў.

Усе значныя палітычныя падзеі ў Беларусі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя адбываліся, як правіла, пры маўклівай згодзе Расеі. І дэмакрат Ельцын, і нібыта дэмакрат Пуцін ва ўзаемадачыненьнях з суседнімі краінамі зыходзілі і зыходзяць найперш з палітычных ды эканамічных інтарэсаў сваёй дзяржавы. Аляксандар Лукашэнка зь ягонай аднабаковай арыентацыяй на Расею іх у асноўным задавальняе. І наўрад ці выпадае чакаць, спадар Саскевіч, што дзеля перамогі дэмакратыі ў Беларусі Масква наважыцца перад выбарамі рабіць нейкія рэзкія рухі супраць Лукашэнкі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ніна Кірычун зь Берасьця, Лявон Нялядашчы з Бабруйску і Мікола Ванееў зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў