БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ НА БУДЫНКАХ СТАЛІЦЫ

Ягор Маёрчык, Менск

Малады Фронт паводле сваёй традыцыі распачаў сьвяткаваньне ў ноч з 26 на 27 ліпеня. Актывісты арганізацыі правялі акцыю "Горад — наш!" Гэтым разам яны разьвесілі бел-чырвона-белыя сьцягі на будынках, дзе месьцяцца штабы дэмакратычных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта — Уладзімера Ганчарыка, Сямёна Домаша й Зянона Пазьняка, на вуліцы Варвашэні й на праспэктах Машэрава й Францішка Скарыны. І ўжо з самага ранку нацыянальныя сымбалі зьніклі.

Мне ўдалося пагутарыць з удзельнікам акцыі.

(Карэспандэнт: ) "Зь якой мэтаю вы разьвешвалі сьцягі над штабамі кандыдатаў?"

(Удзельнік: ) "27 ліпеня — гэта Дзень незалежнасьці. І мы б хацелі нагадаць нашым кандыдатам, ШТО ёсьць нацыянальным сымбалем Беларусі. Сымбаль незалежнасьці павінен захоўвацца заўжды, і таму вывешваньне сьцягоў — адзін з аспэктаў гэтае кампаніі. Зараз чырвона-зялёны колер асацыюецца ня з тым, што называецца незалежнасьцю, а з тым, што называецца рэжымам. А бел-чырвона-белы сьцяг — гэта, на маю думку, свабода, сапраўдная незалежнасьць".

У той час, калі хлопцы разьвешвалі нацыянальныя сьцягі, прэтэндэнт на прэзыдэнта Сямён Домаш па электроннай пошце рассылаў свае віншаваньні з Днём незалежнасьці. Спадар Домаш назваў ухваленьне Дэклярацыі пра сувэрэнітэт адной з самых важных падзеяў у гісторыі беларускага народу. Ён перакананы: "У Беларусі проста павінна нешта зьмяніцца, бо далей так жыць немагчыма. Я ня маю ніякіх сумневаў — у краіне пераможа здаровы розум".