Сярод дэмакратычных прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду найбольшага плёну ў рэгіёне дасягнула ініцыятыўная група падтрымкі Сямёна Домаша. За яго сабрана 23 108 подпісаў. Больш адной траціны зь іх прыпадае на абласны цэнтар.
Кандыдатам на прэзыдэнта спадара Домаша жадаюць бачыць жыхары ня толькі буйнейшых гарадоў, але й 15 сельскіх раёнаў Гомельшчыны. Прынамсі, ініцыятыўная група, якую ўзначальвае Віктар Карнеенка, даставіла ў Цэнтральную выбарчую камісію сотні падпісных лістоў зь сельскай мясцовасьці.
Другое месца ў рэгіёне паводле колькасьці подпісаў — у Сяргея Гайдукевіча. Паводле словаў кіраўніка ягонага рэгіянальнага штабу Ўладзімера Кірыенкі, за вылучэньне спадара Гайдукевіча пададзена 18,5 тысячы подпісаў. Прычым, сабраны яны выключна ў двух гарадох — Гомелі й Жлобіне.
Група падтрымкі лідэра КПБ Сяргея Калякіна здала крыху больш як 14 тысячаў подпісаў.
У скарбонку адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка Гомельшчына дала ўсяго каля 4 тысячаў подпісаў. Кіраўнік групы спадара Ганчарыка ў рэгіёне Юрась Захаранка распавёў вашаму карэспандэнту, што яшчэ амаль 12 тысячаў подпісаў група наўпрост не падала ў цэнтральны штаб з прычыны розных тэхнічных недакладнасьцяў у падпісных лістах.
Што ж тычыцца вылучэньня спадара Ганчарыка адзіным кандыдатам, дык Юрась Захаранка перакананы, што ў Ганчарыка няма амбіцыяў і надалей падтрымліваць у краіне інстытут прэзыдэнцтва. Менавіта Ганчарык і зможа стварыць перадумовы для ўсталяваньня ў Беларусі нармалёвай парлямэнцкай Рэспублікі.
Намесьнік старшыні рэгіянальнае суполкі Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора ў сваю чаргу лічыць, што адзіны кандыдант ад апазыцыі — гэта, канешне, добра. Аднак асаблівае радасьці ад гэтага гомельская ініцыятыўная група падтрымкі Сямёна Домаша не адчувае. Найперш таму, што вынікі збору подпісаў у яе ў 5 зь лішкам разоў лепшыя, чым у тых, хто працаваў на Ганчарыка.
Перавагу ў выніках маюць “домашаўцы” і ў параўнаньні з групамі Міхала Чыгіра, Паўла Казлоўскага, Зянона Пазьняка ды іншых прэтэндэнтаў.
Больш таго, многія сябры групы Домаша зьведалі падчас збору подпісаў вялікі ўціск з боку ўладаў. Акурат сёньня ў Лоеве раённы пракурор Васіль Прымак браў тлумачэньні ў спадара Башмакова, якога беспадстаўна абвінавачваюць у тым, што ён пад выглядам прадстаўніка Аляксандра Лукашэнкі зьбіраў подпісы за Сямёна Домаша.
Супраць другога сябра групы, Міколы Анісаўца, які хацеў аказаць Башмакову юрыдычную дапамогу, пракурор ужыў сілу — выклікаў нарад міліцыі. Спадара Анісаўца адвезьлі ў пастарунак, дзе трымалі каля гадзіны й пасьля тлумачэньняў адпусьцілі.
Цяпер пракурор Прымак аднекваецца: маўляў, ён прасіў прыехаць зь міліцыі юрыста, а прыслалі — апэратыўны нарад міліцыянтаў.