ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ВАСІЛЕВІЧЫ

Ігар Карней

Цікава, што тут сапраўды могуць ня ведаць, дзе знаходзіцца патрэбная вам вуліца Куйбышава. Але калі вы ўдакладніце, што шукаеце маці Захаранкі, пакажуць адразу ж: гэтую вуліцу ў народзе даўно называюць імем генэрала.

Пасьля загадкавага зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў дом, дзе ён нарадзіўся, стаў транзытным прытулкам для незалежных журналістаў, палітычных аднадумцаў, сяброў аднаго з аўтарытэтных лідэраў беларускай апазыцыі.

Маці Захаранкі Ўльяна Рыгораўна, здаецца, звыклася, што дом заўсёды запоўнены чужымі людзьмі. І кожнага яна прымае як мае быць, бо лічыць, што дрэнныя да яе не паедуць. Адзінае, што зараз вельмі трывожыць: як уладкаваліся ў Нямеччыне нявестка з унучкамі й праўнукам.

(Спадарыня Ўльяна: ) "Усе пытаюць, усе перажываюць. І дапамагаюць — абы я толькі абазвалася. Я ні па каго не хаджу, бо ня ў сілах ужо. Я нават у краму не хаджу, кругом хворая: аднаго сына толькі пахараніла, як другога забралі. Засталася адна..."

(Карэспандэнт: ) "Нявестка, унучкі зь Нямеччыны часта тэлефануюць?"

(Спадарыня Ўльяна: ) "Амаль празь дзень. Я для іх тут прыданае рыхтую. Адразу зьбірала для Леначкі, як замуж ішла. Цяпер ужо меншай напрыгатавала. Нашто? Ну яны кажуць, што пакуль ня голыя ды не галодныя. Але капейкі лішняй няма".

(Карэспандэнт: ) "Адчуваеце — цяжка ім?"

(Спадарыня Ўльяна: ) "Цяжка, бо мовы ня ведаюць, а значыць, нават тэлевізара не паглядзіш. Адзінае добра, што там шмат немцаў з Паволжа. Бо я адзін раз патэлефанавала, і падышоў гаспадар. Дык я кажу: "Guten Abend" (я нямецкую мову ведаю, бо доўга была ў Нямеччыне), ён мне па-нямецку й адказвае. А потым чую: "Оля, иди к телефону!" Па-руску. Вось так зь "немцам" і пагаварыла. Тады Оля і сказала, што тут большасьць гаворыць па-руску".

Самога Захаранку тут называюць неяк нават па-панібрацку — наш Юра. Таму ягонае зьнікненьне стала трамплінам для палітычнай актыўнасьці раней апалітычных землякоў. Ня ўсіх, вядома. Але тыя, хто знаёмы зь ім нават нядоўга, патрабуюць адказу: хто стаіць за гэтым злачынствам? Вось што гаворыць супрацоўніца мясцовага хлебазаводу Надзея Сафронава:

(Сафронава: ) "Каго толькі ня просім: знайдзіце, вярніце нашага Юру. Больш нам нічога не патрэбна. Няхай Лукашэнка яго не баіцца. Юра ня той злодзей, якім Лукашэнка яго зрабіў. Юра чэсны чалавек, і ён для нас быў і будзе заўсёды гонарам. Усе чамусьці думаюць, што Юра жывы; што яго скралі й недзе трымаюць. І спадзяюцца: Лукашэнку скінуць, і Юра зьявіцца. Зараз наш клопат — каб маці было хоць крышачку спакайней".

(Карэспандэнт: ) "Як вы мяркуеце, калі не матэрыяльная, дык маральная дапамога на адрас маці Юр'я Захаранкі з боку мясцовых уладаў існуе?"

(Сафронова: ) "Ой, у нас такі мэр… Хоць Юра для яго зрабіў столькі добрага. Я неяк была на сходзе па рэфэрэндуме. Быў тады Бамбіза, Каліноўскі і наш мэр. Бамбіза ў часе выступу кажа: быў у вас тут нядрэнны чалавек, міністар, але пераўтварыўся ў пісара. На што наш мэр гэтак яхідна ўсьміхнуўся. Таксама ў Гомелі быў вялікі ягоны сябар Салаўёў (ён і зараз у міліцыі працуе) — ні разочку не прыехаў. Усе баяцца".

Каб Захаранка зараз удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах, рэдкі з васілеўцаў прагаласаваў бы НЕ ЗА ЯГО. Многія бяруць шырэй і кажуць, што свае галасы аддала б уся Гомельшчына, дзе, за выняткам 4-х гадоў перад зьнікненьнем, прайшла ягоная прафэсійная дзейнасьць. Вось што мяркуе бугальтарка мясцовага лясгасу Любоў Токарава:

(Токарава: ) "У Васілевічах яго падтрымалі б. Тут яго вітаюць, тут яго ведаюць. У яго з усімі людзьмі былі самыя добрыя адносіны. З кім бы ні сустрэўся, усіх цёпла павітае: гутарка вельмі спакойная. Гэты чалавек нікога ня мог пакрыўдзіць. Ён пакутуе толькі з-за аднаго, вельмі злога чалавека".

(Карэспандэнт: ) "Але гэты "злы чалавек" мае дастаткова моцны ўплыў на масы?"

(Токарава: ) "Гэта ж наш народ. Канечне, яны за яго зноўку будуць галасаваць. Я сярод такіх людзей працую; бачу, што нават маладыя людзі сядзяць моўчкі. Бачаць, што ўсе абяцаньні — падман. Бо яны ж бачаць рэальнае жыцьцё. Абяцае сто даляраў заробку, а яго няма. Ды й што ты набудзеш за сто даляраў! Я, прыкладам, ня бачу ад гэтага прэзыдэнта добрага жыцьця. І ўсім так тлумачу. Але народ беларускі пакуль рэальна не адчуе на сабе гэты боль, ён нічога не зразумее".

Звонку Васілевічы вельмі змрочныя. Няма добрай крамы, затое на сваім месцы тыповая заводзкая штампоўка "правадыра пралетарыяту". Людзі згубленыя і нават апатычныя: няма працы — няма стымулаў для існаваньня.

Сьвятлана Скрыпчанка мае дыплём выкладчыцы замежных моваў. Але на замежныя мовы ў расейскамоўных школах вялікага попыту няма, і Сьвятлана вымушаная за свой кошт рабіць марш-кідкі па навакольных вясковых школах і цешыцца звыклым для выкладчыкаў жабрацкім заробкам. Яе такі стан не задавальняе, і таму яна добраахвотна ўзялася распаўсюджваць сярод калегаў ідэі, на якіх базуецца АГП.

(Карэспандэнт: ) "Сьвятлана, дык ці лёгка разварушыць васілеўцаў?"

(Скрыпчанка: ) "У асноўным гэта маладыя людзі. Падняць больш сталых амаль немагчыма. Людзям нецікава, ня хочуць зьменаў. Таму што такое становішча іх задавальняе. Кінуць ім падачку, 2-3 тысячы рублёў, яны й задаволеныя. Хутчэй ломяцца ў чаргу.

Я ім кажу: на кожным кроку падманвае нас дзяржава, няўжо вам не цікава разабрацца, можа ва ўсім вінаваты адзін чалавек, Лукашэнка. Ня ўсе мы, а ён, адзін. Пакуль гутараць са мной, быццам згаджаюцца, а выказаць пра сваю пазыцыю ўголас пакуль баяцца. Хоць на выбары ў нас ужо ёсьць (ня ведаю, спатрэбяцца яны альбо не) свае назіральнікі незалежныя. Зараз, мне здаецца, галоўнае скінуць таго чалавека, выкараніць саму прычыну зла..."

Чакаць, што прасьвятленьне прыйдзе само, наўрад ці выпадае. Нягледзячы на галечу, якая заўсёды розьніла ўсходнія рэгіёны Беларусі ад заходніх, з абаронай сваіх правоў зараз аднолькава кепска ўсюды. Васілевічы ў гэтым сэнсе — адно з самых паказальных месцаў.

Цягам апошніх гадоў практычна цалкам разбураная мясцовая прамысловасьць. З вытворчых аб’ектаў захаваліся толькі лясгас ды хлебазавод. Спадзяваньні на тое, што праблема працаўладкаваньня будзе вырашаная пабудовай звышмагутнага крухмалавага заводу, так і засталіся ілюзіяй: гатовыя да здачы заводзкія карпусы з-за незразумелай нядбайнасьці былі дэмантаваныя, а тое, што засталося, імгненна расьцягнулі на прыватныя патрэбы гараджанаў (кажуць, асноўнымі спажыўцамі прадукцыі крухмалавага заводу меліся выступіць савецкія падводнікі, а пасьля развалу Саюзу такія аб’ёмы зацікавіць нікога ўжо не маглі). Цікавы момант: дагэтуль у фактычна разбуранага заводу ёсьць свой дырэктар і бугальтар.

Мёртвым шкілетам стаіць пасярод бязьлюднага поля 5-павярховы дом, што ўзводзіўся разам для будучых працаўнікоў. Васілеўцы зьдзіўляюцца, як гэты, па мясцовых паняцьцях гмах, яшчэ трымаецца, бо за апошнія гады яго абадралі як ліпку.

Да безгаспадарлівасьці, падобна, прызвычаіліся. Альбо, як лічыць выхавацелька Людміла Лабко, баяцца ўголас выказаць "крамольныя думкі".

(Лабко: ) "Я хачу сказаць, што ў душах нашых людзей пасяліўся страх. Цяпер баяцца ня толькі ўлады, але й адзін аднаго. Дзесяць гадоў таму таксама была ўлада, але ўсё было неяк лягчэй, неяк прасьцей. Не было такога напружаньня, не адчувалася вастрыні адносінаў паміж людзьмі; паміж уладай і народам. Не адчувалася такога страху. Цяпер нешта робіцца, але ўсё пад нейкім страхам. Гэта не на карысьць разьвіцьцю нашай дзяржавы".

Пад агульны "маўчок" у Васілевічах адбываюцца дзіўныя рэчы. Прыкладам, нядаўна ліквідавалі Дом быту з шэрагам неабходных службаў: цырульняй, швейным атэлье, хімчысткай і г.д. Цяпер, каб пастрыгчыся, трэба ехаць за 50 кілямэтраў у Рэчыцу. З-за адсутнасьці платаздольных кліентаў 3 гадзіны на дзень працуе мясцовы рэстаран "Алеся": ад полудня да трэцяй дня. Таму ўсе культурныя (а пераважна — наадварот) п’янкі адбываюцца на лавачках пад вокнамі, у тым ліку й пад вокнамі Ўльяны Захаранкі.

Адзіны шпіталь — на рамонце, а мэдпэрсанал адпраўлены ў бестэрміновы адпачынак. Як лічаць у Васілевічах, наўрад ці лякарня будзе адкрытая наогул, а гэта сапраўдная трагедыя, бо большасьць дзяцей стаяць на ўліку з захворваньнямі шчытападобнай залозы.

Усе функцыі забаўляльнага аб’екту сканцэнтраваў абшарпаны кінатэатар: раз на тыдзень дыскатэка, і з такой жа пэрыядычнасьцю паказ другараднага кінафільму. Улетку танцы — у адмысловым вальеры на сьвежым паветры. Гэтае збудаваньне моладзь так і называе: клетка. Але адсутнасьць элемэнтарных выгодаў застаецца мясцовым сакрэтам. Гаворыць Тамара Шчапёткіна:

(Шчапёткіна: ) "Мы нават ня маем мінімуму таго, што павінен мець чалавек. Таму калі зьяўляецца гарачая вада, то гэта такая радасьць. Ну куды ж тады да радасьці ўнутранай, калі тут радуесься фізычнаму набыцьцю. Зьявілася вада, ой божачкі — хутчэй памыцца, бо гэта вялікая радасьць. Летам яна наогул адсутнічае. Пазыцыя такая: абы ціха.

Напрыклад, я не хачу так жыць, дай мне лепшае жыцьцё — так мне гавораць. Ня хочуць Лукашэнку, але й ня вераць, што можна яго перавыбраць. Маўляў, усё роўна ён будзе. Бяда ў тым, што акрамя сваіх вуглоў нічога ня бачаць, бо нікуды не выяжджаюць. Хто гандлюе, то той бачыць, як людзі за мяжой жывуць. І тое калісьці казалі: "Што нам улады, нам галоўнае рынак". А зараз пабачылі, што й рынак затухае, і разьвівацца не даюць, бо ўсё ў грамадзтве ўзаемазьвязана. І гэта трэба зразумець".

Хто застаўся ў Васілевічах, лічы — падпісаў прысуд. Так мяркуе бальшыня жыхароў. Генадзь Саўчанка ў 1992-м прыехаў на радзіму бацькоў з Чачэніі. З тае пары, як кажа, і пачаў маральна дэградаваць, бо адна гарачая кропка зьмянілася другой. Цікава, што Саўчанка пэўны час сядзеў у адной камэры з Уладзімерам Кудзінавым. Ня кажа, за што, але ўдакладняе: не за палітыку. Запытваю: як Васілевічы пасьля Чачэніі.

(Саўчанка: ) "Там, можа, мы спалі б ды баяліся, што дом падарвуць. А тут напружанасьць чыста палітычная. Я ня ведаю, чым і як далей жыць. Бізнэсам у Васілевічах заняцца немагчыма...

(Карэспандэнт: ) "Падобныя рашэньні прымаюцца на мясцовым узроўні?"

(Саўчанка: ) "Маленькія бюракраты душаць, не дазваляюць нікуды прыкласьці рукі. Спрабаваў арганізаваць фэрмэрскую гаспадарку. Не дазволілі. 10 год таму, калі мы сюды прыехалі, мне тут падабалася. Бачылася нейкая пэрспэктыва.

Зараз усё наадварот. Па заробку скажу так. Я пайшоў на хлебазавод, па 9-10 машынаў штодня загружаў, г.зн., 35 тонаў трэба было кожны дзень перацягаць. І я атрымліваў напрыканцы месяца 20-24 тысячы рублёў. Дык ці можна на гэтыя грошы пражыць? І за такую працу".

Характэрная рыса тамтэйшага навакольнага пэйзажу — нафтаздабывальныя комплексы, так званыя "журавы". Васілевічы літаральна сядзяць на багацьці, ня маючы з гэтага ні капейкі. Хутчэй, наадварот. Прыкладам, бэнзын на аўтастанцыі толькі 76-ы і ажно на 40 рублёў даражэйшы за літар такога ж у Менску.

Абслугоўваюць усю нафтаздабывальную тэхніку таксама не мясцовыя, а вахтавыя рабочыя з Рэчыцы й Сьветлагорску, бо як кажуць, за магчымасьць патрапіць у каманду нафтавікоў трэба даць хабар — 500 даляраў. А жабрацкае існаваньне васілеўцаў гэта выключае.

Дарэчы, ня так даўно прадпрыемства "Рэчыцанафта" бы своеасаблівую маральную кампэнсацыю за ігнараваньне мясцовай рабсілы на промыслах выдаткавала Васілевічам немалую суму на добраўпарадкаваньне гораду. Але, паводле аднаго з гараджанаў, блізкіх да мэра, грошы тыя пайшлі на асабістыя патрэбы апошняга. Маўляў, горад ужо ня выправіш ніякімі фінансавымі ін’екцыямі.

Асаблівых прэтэнзіяў да жыцьця ня мае тут толькі вялікая цыганская калёнія. Паступова яны занялі тры прыватныя сэктары на ўскрайку гораду, жыхары якіх альбо падаліся ў іншыя месцы, альбо памерлі. Цыганы нідзе не працуюць і пэрыядычна зьяжджаюць, як яны самі кажуць, у камандзіроўкі (а прасьцей, на заробкі). Мясцовыя нявесела жартуюць, што праз колькі гадоў замест старых беларускіх Васілевічаў на месцы гораду можа застацца цыганскі табар.