МЕНСК СУСТРЭЎ КІТАЙСКАГА ЛІДЭРА БУРАЙ

Валер Каліноўскі, Менск

Выходзячы з пэрсанальнага "Боінга", Цзян Цзэмінь і ягоная жонка моцна трымаліся за парэнчы трапа — кітайскі лідэр выглядаў надта слабым. Зь беларускага боку яго сустракалі на высокім узроўні — прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын і міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў.

Акрамя шматлікіх афіцыйных асобаў, у аэрапорце прысутнічала вялікая група кітайскіх грамадзянаў, якія зьяўляюцца студэнтамі беларускіх ВНУ. Яны пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў амбасады КНР віталі лідэра сваёй краіны кітайскімі сьцяжкамі й транспарантам. З кожным студэнтам Цзян Цзэмінь павітаўся за руку. А вось журналістаў праігнарваў.

У аэрапорце тым часам усчалася бура. Як толькі завершылася цырымонія сустрэчы, моцны вецер сарваў дывановую дарожку, па якой толькі што прайшлі кітайскі лідэр і беларускі прэм'ер, паскідаў фуражкі ў ганаровай варты, узьняў пыл і сьмецьце.

Праўда, прыродныя зьявы не паўплывалі на прыём кітайскага госьця. Паўсюль у Менску вывесілі дзяржаўныя сьцягі КНР і транспаранты з прывітаньнем старшыні КНР — па-расейску. Уся траса з аэрапорту, па якой ехаў кітайскі лідэр, была ачэпленая супрацоўнікамі ДАІ і вайскоўцамі.

З аэрапорту Цзян Цзэмінь накіраваўся на афіцыйную вячэру ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Кітайскі лідэр прабудзе ў Менску менш за суткі — ён прыляцеў у Менск сёньня ўвечары, а ў чацьвер а 16-й гадзіне ўжо выляціць у Малдову, дзе будзе сустракацца зь яшчэ адным камуністам — кіраўніком краіны Ўладзімерам Вароніным.

На чацьвер у Цзян Цзэміня заплянаваныя афіцыйныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком ураду Ўладзімерам Ярмошыным і сьпікерамі палатаў Нацыянальнага сходу Аляксандрам Вайтовічам і Вадзімам Паповым.

З кітайскім лідэрам прыляцелі 40 журналістаў, таму на ўсе мерапрыемствы зь ягоным удзелам доступ беларускім журналістам абмежаваны. Гэтак, на брыфінг Цзян Цзэміня і Аляксандра Лукашэнкі па выніках сустрэчы акрэдытаваныя толькі прадстаўнікі тэлеканалаў і інфармацыйных агенцтваў.

Між тым, ніякіх міждзяржаўных пагадненьняў гэтым разам падпісана ня будзе. Толькі пасьля перамоваў Цзян Цзэміня з А.Лукашэнкам адбудзецца цырымонія падпісаньня і абмену лістамі пра бязвыплатную дапамогу ад ураду КНР ураду Беларусі. Сума дапамогі — 10 мільёнаў кітайскіх юаняў, што крыху больш за 1 мільён даляраў. Гэтыя грошы пойдуць на рэалізацыю постчарнобыльскіх праграмаў.

Як зазначыў прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч, Кітай зьяўляецца стратэгічным партнэрам для Беларусі, і гэта павінен пацьвердзіць візыт кітайскага лідэра. Паводле прэсавага сакратара Аляксандра Лукашэнкі, галоўная тэма для абмеркавання — эканамічнае супрацоўніцтва, выкананьне ранейшых дамоўленасьцяў.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта генэральны дырэктар Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту Віктар Цярэшчанка лічыць, што беларуска-кітайскае эканамічнае супрацоўніцтва знаходзіцца на нізкім узроўні і ня мае асаблівых пэрспэктываў:

(Цярэшчанка: ) "Той экспарт, які ідзе зь Беларусі ў Кітай, зараз невялікі. Па-першае, гэта ў асноўным прадукцыя машынабудаваньня. Па-другое, росту няма. Па-трэцяе, і ня будзе.

Нічога добрага ўвогуле я ня бачу ў пэрспэктыве. Па-першае, гэта далёка, затраты на транспартныя паслугі занадта высокія; па-другое, Кітай вялікая дзяржава, мы — маленькая дзяржава. Мы ж з суседзямі не працуем: з той жа Ўкраінай, Польшчай, Літвой. Першачарговая наша задача — гэта экспартна-імпартныя адносіны з суседнімі дзяржавамі і дзяржавамі са стабільнай эканомікай і цьвёрдай валютай. У першую чаргу заходні рынак. А Кітай — адзін з рынкаў, які пакуль яшчэ бярэ нашую прадукцыю. Але гэта вельмі ненадоўга. Ну можа яшчэ на год-два, і ўсё".

Віктар Цярэшчанка адзначыў, што Цзян Цзэмінь прыбыў у Менск пасьля візыту ў Расею, якая апошнім часам таксама лічыць Кітай сваім стратэгічным партнэрам, таму й тут Беларусь застаецца ў рэчышчы расейскай палітыкі.