АЛЯКСАНДАР ВАЛЧАНІН: УЧОРА СУПРАЦОЎНІК КГБ ПРАПАНОЎВАЎ МНЕ ВЯРНУЦЦА Ў ІНІЦЫЯТЫЎНУЮ ГРУПУ ЛУКАШЭНКІ

Алесь Мікалайчанка, Менск

Аляксандар Валчанін пацьвердзіў, што скласьці паўнамоцтвы кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі яго змусіла непрыхаванае ўмяшальніцтва ў збор подпісаў кіраўніка Жодзінскага гарвыканкаму Валер'я Кашэўскага.

Сёньня стала вядома пра рэакцыю некаторых афіцыйных асобаў на ўчынак спадара Валчаніна. У прыватнасьці, кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Чаргінец заявіў, што Аляксандар Валчанін быў толькі шараговым ініцыятыўнікам. А старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч сьцьвярджаў, што спадар Валчанін перад тым, як ачоліць жодзінскую групу, патрабаваў сабе нейкіх пасадаў.

Аляксандар Валчанін на гэта адказаў, што мясцовую ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўзначальваў зь першага дня, бо быў прыхільнікам Лукашэнкі. Што ж тычыцца Дамашкевіча, то Валчанін хацеў трапіць да яго на прыём і папрасіць, каб ён спыніў уціск з боку Кашэўскага на жодзінскую ініцыятыўную групу і не прымушаў завышаць зьвесткі пра збор подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі. Аднак Дамашкевіч не прыняў Валчаніна.

Як распавёў Аляксандар Валчанін, старшыня Жодзінскага гарвыканкаму Валеры Кашэўскі, каб дамагчыся свайго, нават спрабаваў пагражаць нейкімі зьвесткамі пра нібыта службовыя заганы дэпутата. Але запалохаць таго не ўдалося.

(Валчанін: ) "І калі ён бачыць гэткую справу, ён кажа: "Так, у мяне гэтыя дакумэнты ёсьць, але я магу даць ім ход, а магу і ня даць", — распавёў Аляксандар Валчанін пра сваю нядаўнюю сустрэчу з Валер'ем Кашэўскім.

Ірына Валчаніна паведаміла журналістам, што ўчора да іх на кватэру завітаў супрацоўнік КГБ, які прапаноўваў ейнаму мужу вярнуцца да працы ў ініцыятыўнай групе, але той не пагадзіўся з такой прапановай. Усе гэтыя дні, акрамя ўсяго іншага, дахаты ім тэлефануюць нейкія людзі і пагражаюць расправіцца зь іхнымі непаўнагадовымі дзецьмі. Але зьяжджаць з роднага гораду Валчаніны не зьбіраюцца.