ЯК У АМЭРЫЦЫ РЫХТУЮЦЦА ДА СЬМЕРЦІ ФІДЭЛЯ КАСТРА?

Мікола Іваноў, Прага

Усяго некалькі гадзінаў пасьля таго, як Фідэль Кастра страціў прытомнасьць падчас выступленьня з прамовай, паліцыя ў Майямі была паднятая па трывозе. Здарэньне гэтае было паказанае па тэлебачаньні і чакалася, што яно можа выклікаць тут вялікую масавую рэакцыю, асабліва, калі б кубінскі прэзыдэнт быў параліжаваны альбо памёр.

Лідэры кубінска-амэрыканскага Нацыянальнага фонду, уплывовай эміграцыйнай групоўкі, адразу пачалі званіць па тэлефоне ў Гавану і прапаноўваць кубінскім урадавым чыноўнікам гуманітарную дапамогу і прасіць іх аднавіць дэмакратыю ў выпадку зьмены ўлады.

У мінулы панядзелак Алекс Панэлас, мэр графства Майямі Дэйд, склікаў нараду сваіх супрацоўнікаў, каб разгледзець пытаньне “Зьмена кубінскага ўраду” і адносіны да гэтага графства, дзе прыжывае 650 тыс. кубіна-амэрыканцаў.

Сам жа Кастра, піша International Herald Tribune, даволі хутка апрытомнеў і заявіў аб сваім добрым здароў’і. Але тое, якім чынам на ягоную непрытомнасьць адрэагавалі ў Майямі, усяго за 150 км. ад Кубы, ставіць пытаньне: як рэагаваць на грамадзкі, дыпляматычны і адміністрацыйны хаос, які можа выклікаць сьмерць кубінскага лідэра.

“Мы працавалі над гэтай праблемай увесь мінулы тыдзень,” – заявіў Хуан Манд’ета, прэсавы сакратар адміністрацыі графства. У панядзелак мы нават правялі нараду з дырэктарам аддзелу надзвычайных сытуацыяў, мэнэджэрам графства і мэрам, на якой грунтоўна аднавілі плян і яшчэ раз яго прааналізавалі.

Мясцовыя, штатныя і фэдэральныя сродкі бясьпекі прадугледжваюць такія захады, як павелічэньне бясьпекі на вуліцах Майямі, абмежаваньне руху караблёў з і ў Паўднёвую Флярыду, мабілізацыю сьвятароў, кубіна-амэрыканскіх грамадзкіх і палітычных лідэраў.

Гэты плян надзвычайнай сытуацыі будзе прыведзены ў дзеяньне ў выпадку, калі мэр падпіша дэклярацыю аб надзычайным становішчы, выкліканым сур’ёзнымі беспарадкамі альбо шырокамаштабным рухам караблёў у кірунку паўднёвай Флярыды, падкрэсьліў чыноўнік графства. Будзе створаны камандны пост у сядзібе камітэту надзвычайных сытуацыяў для таго, каб усталяваць камунікацыю з Кубай, каардынаваць дзейнасьць розных арганізацыяў, кантактаваць са сродкамі масавай інфармацыі ды інфармаваць эмігрантаў пра разьвіцьцё падзеяў і лёс іх сваякоў на Кубе.

Калі Фідэль Кастра апрытомнеў, ён паведаміў, што ён у добрым здароў’і і што ён упэўнены ў будычыні. Тым больш, што ён на ўсялякі выпадак ужо прызначыў сабе наступніка. Гэта ягоны брат Рауль Кастра, які займае пасаду міністра абароны і віцэ-прэм’ера. Дарэчы, Рауль Кастра на 6 гадоў маладзейшы за свайго старэйшага брата.