У ЭСТОНІІ РАЗЬВІВАЮЦЬ ДЭМАКРАТЫЮ ПРАЗ ІНТЭРНЭТ

Алена Радкевіч, Прага

Прадугледжваецца, пакуль што ў якасьці экспэрымэнту, што карыстальнікі змогуць выказваць свае меркаваньні адносна таго альбо іншага закону і да, і пасьля абмеркаваньня яго ў парлямэнце, уносіць свае ўласныя папраўкі і прапановы.

Новы вэб-партал эстонскага ўраду завецца ў скароце ТОМ – абрэвіятура эстонскай фразы Tana Otsusan Mina, што значыць “Сёньня я вырашаю!”

Паводле Ліннара Вііка – дарадцы ў тэхналягічных пытаньнях эстонскага прэм’ер-міністра – адкрыцьцё новага сайту мае дзьве мэты: павелічэньне празрыстасьці працы ўраду і паскарэньне прыняцьця законаў. На сайце выстаўляюцца ўсе законапраекты і папраўкі, прапанаваныя рознымі міністэрствамі. Да таго, як законапраект будзе пасланы ў парлямэнт, карыстальнікі Інтэрнэту, зайшоўшы на старонку, могуць у чаце выказаць свае ўласныя прапановы і камэнтары. Могуць яны прадставіць і свой варыянт закону.

Гэтыя прапановы падпісваюцца прэм’ер-міністрам, а потым вывучаюцца адпаведнымі міністэрствамі альбо камітэтамі на прадмет магчымай перапрацоўкі. Такім чынам удасканальваецца заканадаўства, а дзяржаўныя чыноўнікі нясуць адказнасьць за сваю працу непасрэдна перад выбаршчыкамі. Гаворыць Ліннар Віік.

(Віік: ) “Прапанова накіроўваецца ў канкрэтны адміністрацыйны аддзел, які будзе ёй займацца. Але найбольш важна для людзей тое, што адразу пасьля таго, як прэм’ер-міністар падпісаў прапанову – пачынае цікаць гадзіньнік. І вы ўбачыце эфэктыўнасьць адміністрацыі: вы зможаце ўбачыць, на чыім стале залёжваецца прапанова, і колькі дзён паводле закону ідзе на тое, каб дзяржаўны чыноўнік адказаў альбо выступіў з канкрэтным дзеяньнем”.

У інтэрвію Радыё Свабода прэм’ер-міністар Лаар прызнаўся, што ўсьведамляе, наколькі новая сыстэма ўскладніць жыцьцё дзяржаўных служачых. Але ён падкрэсьліў, што гэта дапаможа зрабіць працу ўраду больш празрыстай, а гэта – асноўная мэта ягонай адміністрацыі.

(Лаар: ) “Будзе абавязковым – адказаць на прапанову альбо дакладна растлумачыць, чаму яна нерэалістычная і ня можа быць зрэалізаванай. Відавочна, гэта дадае клопату чыноўнікам, але на маю думку тлумачыць нешта людзям – гэта прыемны цяжар”.

Эстонскія ўлады надаюць вялікае значэньне таму, каб іхная краіна ўвайшла ў лік найбольш інтэрнэтна разьвітых. Усе міністры і заканадаўцы маюць свае адрасы ў электроннай пошце, і ўжо на працягу чатырох апошніх гадоў усе парлямэнцкія дэбаты трансьлююцца ў Інтэрнэце.