ЧЭРЫКАЎ – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?

Міхал Стэльмак, Чэрыкаў

З ранку да вечара неба над Чэрыкавам засьціць сваімі крыламі змрочнае вараньнё. Вялікая калёнія чорна-шэрых птахаў, гэтых спадарожнікаў сьмерці, агалошвае навакольле надакучлівым карканьнем.

Чаму яны так упадабалі паўднёва-ўсходні беларускі горад, ягоныя жыхары могуць толькі гадаць. Адны сьцьвярджаюць, што за сваю паўтысячагадовую гісторыю чэрыкаўская зямля ператварылася ў суцэльныя могілкі.

Расказвае краязнаўца Тамара Сямёнава:

(Сямёнава: ) "Паданьне пра ўзьнікненьне назвы "Чэрыкаў" зьвязанае са старажытнымі паселішчамі людзей на рэчцы Сож. Каб ім лепей было перабірацца праз рэчку на іншы бераг, яны рабілі сабе адмысловыя лодкі. Яны выдзёўбвалі іх з дрэва, і называліся тыя лодкі "чэрыкі". А каб зручней прыставаць было на гэтых лодках да берагу, яны рабілі прычал. Прычал для чэрыкаў.

Гісторыя Чэрыкава вельмі цікавая і багатая, таму што ён стаіць на шляху Варшава–Масква. І таму ўсе войны, у якіх брала ўдзел Расея, як правіла, адгукаліся на Чэрыкаўшчыне".

Частка мясцовых жыхароў лічыць, што вараньнё кружляе над іхнай трагічнай будучыняй. У красавіку 1986-га Чэрыкаў накрыла густая Чарнобыльская хмара. Увесь сьвет абляцелі назвы дзьвюх чэрыкаўскіх вёсак — Чудзянаў і Малінаўкі, забруджанасьць якіх большая за 5 тысяч кілабэкерэляў на квадратны мэтар.

Радыеактыўны цэзій шчыльна лёг і на тэрыторыі райцэнтру. З таго часу радыяцыйная атрута нарабіла тут шмат бяды. Той жа краязнаўцы Тамары Сямёнавай, ураджэнцы мясцовай вёскі Вепрын, давялося глынуць столькі чарнобыльскага гора, што не пазайздросьціш.

(Сямёнава: ) "Цяжка мне ўсё гэта згадваць. Таму што ўсё ж несправядліва дзяржава абышлася з намі. У 1986-м годзе, калі ўсё гэта здарылася, я была там з маленькім дзіцём. Вясна была вельмі цёплая. Усё квітнела навокал. А на дарогах былі нейкія жоўтыя плямы. Нам тлумачылі, што гэта пыльца з дрэваў. Але ж раней ніколі гэткага не было.

Потым усіх нас пачалі вывозіць. Каго куды. Мы патрапілі ў Расею — на Пскоўшчыну. У нашай вёсцы Вепрын засталіся толькі сабакі ды мужыкі. І калі мне сьняцца сны, то толькі пра гэтую вёску. Я ўжо шмат год жыву тут у горадзе, але пра яго сноў ня сьню. Яшчэ адна адметнасьць: тут я жыву на такой жа радыяцыйнай вуліцы, што і ў Вепрыне".

(Карэспандэнт: ) "Ці адбілася гэта на здароўі вашага дзіцяці?"

(Сямёнава: ) "Так. У майго старэйшага сына пухліна шчытападобнай залозы".

А вось якімі наступствы Чарнобылю бачыць Сямён Панізоўцаў:

(Панізоўцаў: ) "Я даўно ўжо жыву ў Чэрыкаве. Дзяцінства тут прайшло. Але я ня памятаю такой колькасьці пахаваньняў, як зараз. Раней пахаваньні былі незвычайнай падзеяй у горадзе. А зараз літаральна кожны дзень адыходзяць людзі. І старыя, і маладыя.

І яшчэ — стала зашмат самагубстваў. Горш за тое — дзіцячых самагубстваў. Бо дзетак жа нашых таксама ганяюць на сельгаспрацы. Я заўжды сустракаю вясну і восень з дрыжыкамі ў сэрцы".

Сямён Панізоўцаў — лідэр раённай арганізацыі партыі Беларускага Народнага Фронту. Гарадзкую арганізацыю БНФ узначальвае Генадзь Раўкоў. Прычыны трагічных наступстваў Чарнобыля бачацца яму гэтак:

(Раўкоў: ) "Да людзей, што жывуць у гэтым раёне, ажыцьцяўляецца самы сапраўдны генацыд. Таму што накіроўваюць людзей працаваць у самыя брудныя зоны.

Асабліва шмат радыяцыі каля дарог, куды змываецца бруд. Там, можна сказаць, усё "сьвеціцца". Паводле нормаў, у такіх зонах нельга працаваць больш як 4 гадзіны, а насамрэч там працуюць па 8 гадзінаў. Людзі баяцца спрачацца з такімі парушэньнямі. Бо адразу ж сьмелых запалохваюць — маўляў, можаш звальняцца. Адным словам, людзей лічаць за быдла.

Зразумела, што мужчыны паміраюць у пяцьдзясят, сорак гадоў, нават у трыццаць пяць. Сьмяротнасьць вельмі высокая тут".

Шараговыя жыхары Чэрыкава таксама зьвязваюць большасьць чарнобыльскіх праблемаў з тым, што ніхто не турбуецца пра людзей, ды й безгаспадарлівасьць вялізная. Гаворыць ліквідатар Сяргей Трубачкін:

(Трубачкін: ) "Мая вуліца — чарнобыльская, забруджаная. На паперы яе даўно заасфальтавалі. Але напраўду гэта ня так. Яна не заасфальтаваная дасёньня. Усё гэтае начальства варта пакараць. Прабурылі для забесьпячэньня пітной вадой больш як 100 сьвідравін. Але затым 80 зь іх узялі й закапалі".

Чэрыкаўскія ўлады не такія пэсымістычныя што да Чарнобылю і ягоных трагічных наступстваў. Трэці год узначальвае раённую вэртыкаль Андрэй Мядзьведзеў. Ён лічыць мясцовых жыхароў вялікімі патрыётамі. Бо, маўляў, нягледзячы на радыяцыю, чэрыкаўцы ня здрадзілі зямлі бацькоў:

(Мядзьведзеў: ) "Мне прыемна, што я ўзначальваю Чэрыкаўскі раён. Я тут рос. Бацька мой у свой час працаваў тут старшынём калгасу. Так што я раён добра ведаю. Мясцовыя жыхары вельмі любяць свой край. Хаця і ёсьць у нас цяжкасьці. Але ў нас не нашмат зьменшылася колькасьць жыхароў у параўнаньні з дааварыйным часам".

Між тым, чэрыкаўцы кажуць, што не пакідаюць радыяцыйнай зоны толькі з аднае прычыны. З прычыны сваёй беднасьці, якая не дазваляе набыць жытло ў чыстым месцы. Вось ліквідатар Трубачкін пэўна зьедзе адсюль — кажа, што да маці, у Смаленскую вобласьць. Тут яму ўсё абрыдла.

(Трубачкін: ) "Скажам, хтосьці ў нашым раёне не спадабаўся. Напрыклад, старшыні райвыканкаму, які вырашыў, што вось гэты чалавек яму не падабаецца. Я вось чалавек рускі. Я пражыў тут 31 год. Я зьеду адсюль.

Вось Лукашэнка, яго я паважаю як чалавека, але мне ягоная палітыка не падабаецца.Чаму? У Расеі Дума працуе, усе дзяржаўныя структуры самастойна працуюць. А тут Лукашэнка ўсё самастойна робіць, мяняе людзей, як боты ў войску".

Пераважная большасьць чэрыкаўцаў да "белага дому", як яны называюць будынак райвыканкаму, ставіцца рэзка адмоўна, ці не зь нянавісьцю нават. Дарэчы, ведае пра гэта й спадар Мядзьведзеў. Ён лічыць гэткае стаўленьне несправядлівым. "Першая асоба" раёну, паводле ягоных словаў, робіць для Чэрыкава ўсё магчымае. І ён не трымаецца за пасаду:

(Мядзьведзеў: ) "Некаторыя людзі лічаць, што тут, у "белым доме", мы атрымліваем вялізныя грошы. Але я, які прыйшоў сюды ў 1998-м годзе, зараз атрымліваю як старшыня райвыканкаму грошай менш, чымсьці тады, калі працаваў старшынём калгасу.

Я чалавек дысцыплінаваны. Загадалі сюды прыйсьці працаваць — я прыйшоў. А скажуць сысьці — сыду. Самае галоўнае, каб чалавек на кіраўнічай пасадзе мог вырашаць пытаньні".

А вось як дачыненьні ўладаў і насельніцтва Чэрыкава бачыць мясцовая апазыцыя. Гаворыць Сямён Панізоўцаў:

(Панізоўцаў: ) "Рэч у тым, што ўсе гэтыя вось людзі, што ставяцца добра да Лукашэнкі, яны ня ведаюць нічога ўвогуле пра вэртыкаль. Яны ня сочаць па тэлебачаньні, што сам Лукашэнка і паставіў тут усю вэртыкаль. А людзі мяркуюць, што мы яе выбіралі. Як раней было.

З другога боку, яны ня могуць усьвядоміць, што ў вэртыкальшчыкаў няма ніякіх рэальных рычагоў кіраваньня, ніякіх рычагоў уплыву на сытуацыю. У нас у раёне няма ні вялікіх прадпрыемстваў, ні вялікіх прыбыткаў. Таму жыхары й разважаюць, што "добры" Лукашэнка ня бачыць, што тут адбываецца. Калі я сябе часам ўяўляю на месцы вэртыкальшчыкаў, то калі шчыра, я ім ніколькі не зайздрошчу".

Інакш мяркуе Генадзь Раўкоў:

(Раўкоў: ) "Калі б улады выбіраў народ, то зь іх можна было б спытаць. Вось раней, калі так было, людзі дапытваліся: чаму вуліца брудная, чаму ў горадзе іншыя справы ідуць не як трэба.

А зараз начальства да людзей і вачэй не паказвае. Шараговаму рабочаму няма як і дзе задаць пытаньне таму ж старшыні райвыканкаму.

Я асабіста стаўлюся да Мядзьвядзева вельмі нэгатыўна. Аднойчы я запытаў яго — чаму ён падчас знаходжаньня ў Вярхоўным Савеце прагаласаваў супраць нацыянальнай сымболікі, супраць "Пагоні"? Дык ён сказаў, што конь ужо ёсьць у Літве, навошта нам яшчэ аднаго каня. Пасьля гэтага мне зь ім ня хочацца нават вітацца, і я яго не лічу за лідэра раёну".

Сямён Панізоўцаў зь ім не пагаджаецца:

(Панізоўцаў: ) "Так, вэртыкальшчыкі служаць Лукашэнку. Але яны зусім не пазбаўленыя розуму. Я вёў размовы з многімі зь іх. Тут жа варта ня толькі чуць тое, што яны кажуць, але й бачыць іхныя вочы. Я па іхных вачох магу чытаць іхныя думкі. Яны пастаўленыя ў такое становішча, што мне часам іх шкада. Яны паднявольныя людзі. Вось я чалавек вольны, публічна гавару тое, што думаю, і гэтым ганаруся. А яны — не, і таму я вельмі ім спачуваю".

Раённыя ўлады Чэрыкава ставяцца да мясцовай апазыцыі, паводле іхнага тлумачэньня, непрадузята. Гаворыць старшыня райвыканкаму Андрэй Мядзьведзеў:

(Мядзьведзеў: ) "Я не лічу, што ў нас ёсьць апазыцыя. Я лічу, што ў нас ёсьць людзі зь іншым поглядам на жыцьцё. На мой погляд, гэта нармалёва".

Наогул, іншадумцаў у раёне няшмат. Апроч БНФ, іншых палітычных структураў у Чэрыкаве няма. Акрамя Панізоўцава й Раўкова, публічным актывістам гэтай партыі зьяўляецца ўсяго яшчэ адзін чалавек. Мікалай Царкоў — былы настаўнік, а зараз пэнсіянэр. На ягоную думку, менавіта мясцовыя ўлады вінаватыя, што чэрыкаўцы пазьбягаюць адкрыта выказваць апазыцыйныя погляды.

(Царкоў: ) "У нас няшмат апазыцыянэраў з той прычыны, што з самага пачатку іх прыціснулі. Напрыклад, спадара Шчэрбіча пазбавілі працы. Ён гады два быў бяз працы, а зараз узялі на працу. Але папярэдзілі, каб не займаўся палітыкай".

Зь Мікалаем Царковым увогуле згодны і Генадзь Раўкоў. Як зазначыў спадар Раўкоў, ягонае шматгадовае знаходжаньне ў апазыцыйных шэрагах засьведчыла, што ў Чэрыкаве апазыцыянэру заўжды пагражае рэальная небясьпека:

(Раўкоў: ) "Хачу прыгадаць адзін момант падчас рэфэрэндуму. На адным участку я тады ўбачыў аднаго начальніка, які дыктаваў, што закрэсьліваць. Я яму зрабіў заўвагу. Спачатку той зьбянтэжыўся, але затым яны асьмялелі. Міліцыянт, што знаходзіўся на ўчастку, пачаў пагражаць мне арыштам, а затым і наогул заявіў, што можа пусьціць у сьпіну кулю".