СЭКСУАЛЬНЫЯ МЕНШАСЬЦІ АДЗНАЧАЦЬ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПАРАДАМ

Юрась Барысевіч, Менск

У музэі традыцыйнай народнай культуры “Дудуткі” прайшла прэзэнтацыя аўтабіяграфічнае кнігі стваральніка музэю, бізнэсоўца і пісьменьніка Яўгена Будзінаса. Аўтар жорстка крытыкуе беларускія ўлады за ператварэньне краіны ў музэй дэкадэнцкага сацыялізму. Кніга мае назоў “Дурні”.

18 беларускіх суполак, што дзеюць ва Ўкраіне, заснавалі Ўсеўкраінскі зьвяз беларусаў. Кіраўніцай хаўрусу абралі Ірыну Аржахоўскую, сяброўку дарадчае рады па нацыянальных мяншынях пры прэзыдэнце Ўкраіны. Стварэньне Ўсеўкраінскага зьвязу беларусаў актыўна падтрымала амбасада Беларусі ў Кіеве.

У галерэі “Nova”, што месьціцца ў бібліятэцы імя Янкі Купалы, адчынілася фотавыстава “Звычайныя людзі”. Бальшыня герояў 40 твораў мастачкі Зоі Мігуновай — інваліды. На здымках яны мала адрозьніваюцца ад здаровых людзей: адчуць сваё ці чужое калецтва можна толькі ў плыні часу, а фатаграфія адлюстроўвае кароткае імгненьне. Фундавала выставу грамадзкае аб’яднаньне “Розныя — Роўныя”.

На ІХ міжнародным конкурсе артыстаў балету перамагла пастаноўка менскага харэографа Раду Паклітару “Тры грузінскія песьні”. На думку знаўцаў балету, гэты вучань Валянціна Елізар’ева ўжо даўно перарос свайго настаўніка. Застаецца толькі шкадаваць, што Раду Паклітару неўзабаве зьедзе на радзіму, каб узначаліць балетную трупу Вялікага тэатру Малдовы.

Нацыянальны Акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы зьехаў на гастролі ў Калінінград. Жыхарам старажытнага Караляўца купалаўцы пакажуць тры спэктаклі: “Чорную панну Нясьвіжу”, “Ідылію” і “Ромула Вялікага”. Купалаўскі тэатар гастралюе толькі ў постсавецкай прасторы: каб зацікавіць заходняга гледача, патрэбныя больш арыгінальныя і не такія шматслоўныя відовішчы.

У Гомелі праходзіць нацыянальны пленэр скульптараў на тэму “Пэрсанажы казак”. Наладзілі яго Саюз мастакоў і гарадзкі выканкам. Скульптуры, што ствараюць удзельнікі пленэру, будуць усталяваныя ў гомельскіх парках.

Беларуская Ліга сэксуальных мяншыняў рыхтуе міжнародны фэстываль гей-культуры й не зважае на тое, што летась такі фэстываль беларускія ўлады фактычна забаранілі. Сёлета парад артыстаў нетрадыцыйнай арыентацыі пройдзе па вуліцах Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня.