ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ЗАКЛІКАЛІ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ПРАВЕСЬЦІ АДКРЫТАЕ СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ ЗЬНІКЛЫХ

Кастусь Бандарук, Прага

(Баўчэр: ) “Мы ведаем пра сэнсацыйную заяву Петрушкевіча і Случака. Мы лічым, што іхныя выкрыцьці робяць тым больш неабходным высьветліць лёс зьніклых і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Мы даўно заклікалі правесьці сьледзтва ў справе зьнікненьня Юр’я Захаранкі, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара і ягонага калегі Анатоля Красоўскага, а таксама апэратара расейскага тэлебачаньня. Беларускія ўлады павінныя высьветліць іхны лёс, каб разрадзіць цяперашнюю атмасфэру і стварыць клімат для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў 9-га верасьня,” – сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр.

Дарэчы, згадваючы пра сэнсацыйную заяву Петрушкевіча і Случака, Transitions Online ад 19 чэрвеня падкрэсьлівае пагрозы на іхны адрас з боку Генэральнай Пракуратуры. Аднак амбасада ЗША ў Менску не пацьвердзіла і не запярэчыла інфармацыі пра тое, што Петрушкевіч і Случак атрымалі палітычны прытулак ў ЗША.

Moscow Times ад 18-га і 20-га чэрвеня адзначае, што спэцыяльная група для расправы з палітычнымі апанэнтамі Лукашэнкі была створаная ўжо ў 96-м годзе, і што з таго часу група забіла агулам 30 чалавек.