КГБ СПРАБАВАЎ ЗАВЭРБАВАЦЬ СТУДЭНТА-АКТЫВІСТА КХП БНФ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

На размову з супрацоўнікам КГБ студэнта Піліпа Рачыцкага запрасіў прарэктар Акадэміі фізычнага выхаваньня Яўген Іванчанка. Той добра ведаў, што хлопец — актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і што некалькі дзён таму Рачыцкага асудзілі за ўдзел ў пікеце 18 траўня. Яму далі штраф 30 мінімальных заробкаў — гэта больш за гадавую стыпэндыю.

Відаць, разьлік быў на тое, што юнак у такіх умовах будзе больш згаворлівы, але і прарэктар, і капітан КГБ Андрэй Карповіч памыліліся. Піліп Рачыцкі вызначыў сустрэчу зь ім як спробу правесьці вэрбоўку і распавёў пра гэта журналістам. Рачыцкі згадвае:

(Рачыцкі: ) "Ён задаваў пытаньні кшталту: як я стаўлюся да несанкцыянаваных акцыяў, казаў, што ім вядома пра наркотыкі ў нашым інтэрнаце, а паколькі іхная дзейнасьць сакрэтная, таму пажадана, каб пра гэтую размову я нікому не казаў".

Як лічыць Піліп Рачыцкі, капітан КГБ Карповіч згадаў пра наркотыкі ў студэнцкім інтэрнаце дзеля таго, каб зьвесьці яго ў зман. Рачыцкі ня ведае, каб у іхным інтэрнаце ўжывалі наркотыкі, і мяркуе, што гэта добра вядома ў КГБ. А галоўнае, ён зусім не навічок у палітыцы і ўжо знаёмы з мэтадамі спэцслужбаў.

Рачыцкі ўзначальвае суполку КХП БНФ у Фрунзенскай раённай радзе Менску і лічыць, што менавіта ягонай палітычнай дзейнасьцю тлумачыцца цікаўнасьць да яго з боку КГБ. Паводле Піліпа Рачыцкага, супрацоўнік КГБ спрабаваў яму нават пагражаць.

(Рачыцкі: ) "А напрыканцы спытаў мяне: як мая пасьпяховасьць? Я адказаў, што добра, праблемаў няма. На гэта ён сказаў, што быў бы чалавек, а праблемы знойдуцца".

Па тлумачэньні я зьвярнуўся ў аддзел па сувязях з грамадзкасьцю КГБ. Кіраўнік аддзелу Фёдар Котаў адмовіўся камэнтаваць гэты факт, заявіўшы, што "нічога пра яго ня ведае, мала што хто распавядзе". Аднак збольшага спадар Котаў ня бачыць нічога незаконнага ў вэрбоўцы агентаў.

(Котаў: ) "Гэта законная дзейнасьць, прадугледжаная Канстытуцыяй, Законам аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і Законам аб органах дзяржаўнай бясьпекі. Мы маем права ўсталёўваць такога кшталту кантакты з грамадзянамі", — перакананы прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў.

Зь ім ня згодны намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў. Паводле спадара Папкова, спробы КГБ вэрбаваць палітычных актывістаў разыходзяцца з законнымі мэтамі гэтай арганізацыі:

(Папкоў: ) "Сутнасьць дзейнасьці КГБ павінна быць ў выкрываньні злачынстваў, а ня быць накіраванай супраць палітычных партыяў. І таму калі яны вэрбуюць агентуру, то гэта ёсьць разбурэньнем грамадзкіх палітычных структураў, што супярэчыць Канстытуцыі і законам".

Нагадаю, гэта ня першая спроба завэрбаваць палітычна актыўных студэнтаў. Два гады таму падобныя дзеяньні былі да актывістаў Маладой Грамады. Студэнт Павал Карназыцкі, на той час лідэр Маладой Грамады, пазьней абвінаваціў КГБ у правакацыях супраць арганізацыі і спробах вэрбоўкі ейных сяброў.