ВЫБУХ ЛЯ РАСЕЙСКАЙ АМБАСАДЫ Ў МЕНСКУ АПАЗЫЦЫЯ ЎВАЖАЕ ЗА ПРАВАКАЦЫЮ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У расейскай амбасадзе нават апоўдні адмаўляліся пацьвердзіць журналістам той факт, што ўначы на тэрыторыі амбасады прагучалі два выбухі.

Між тым, жыхары навакольных дамоў не рабілі з гэтага сакрэту. Міхал Фёдараў жыве ў доме насупраць будынка амбасады. Ён былы контарвыведнік і сьцьвярджае, што ня мог памыліцца наконт таго, што пачуў.

(Фёдараў: ) "Вечарам недзе ў 11.35–11.40 быў выбух. Двойчы выбухнула, прыкладна праз хвіліну. Па моцы выбухі былі аднолькавыя. Калі меркаваць па маім франтавым досьведзе, дык гэта былі слабыя выбухі. Але для цяперашняга часу — сярэднія".

Сусед Міхала Фёдарава Аляксандар сьцьвярджае, што грымнула даволі моцна. А пра тое, што выбухі былі на тэрыторыі расейскай амбасады, ён даведаўся сёньня ад міліцыянта, які апытваў сьведкаў.

(Аляксандар: ) "Страсянула някепска так, адчувалася".

Бліжэй да поўдня факт прызналі ў беларускім КГБ. Кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў пацьвердзіў Радыё Свабода, што выбухі былі, і заявіў, што ахвяраў няма. Котаў падзяліўся меркаваньнем наконт вэрсіяў здарэньня.

(Котаў: ) "Экспэрты там ужо працуюць і вызначаюць тып выбуховага прыстасаваньня".

(Карэспандэнт: ) "Якія ёсьць пашкоджаньні?"

(Котаў: ) "Нязначныя пашкоджаньні атрымала агароджа і фасад будынка".

(Карэспандэнт: ) "Што вы скажаце пра вэрсіі здарэньня?"

(Котаў: ) "Ня выключана, што гэта была палітычная правакацыя".

На карысьць вэрсіі пра палітычную правакацыю КГБ адзначае, што выбухі прагучалі напярэдадні Саміту кіраўнікоў краінаў СНД у Менску. Котаў мяркуе, што выбуховыя прыстасаваньні на тэрыторыю расейскай амбасады перакінулі праз агароджу з вуліцы. Аўтараў акцыі ў КГБ яшчэ ня ведаюць, але запэўніваюць, што іх хутка знойдуць і затрымаюць. Фёдар Котаў у гэтым перакананы.

Апоўдні стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду з кіраўнікамі сілавых ведамстваў, на якой заявіў, што выбухі — гэта "радыкальныя выступы нашых сьвядомых".

Пасьля гэтай нарады заяву для сродкаў масавай інфармацыі зрабіў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ён паведаміў, што на тэрыторыі расейскай амбасады ўзарваная граната РГД-5, у выніку чаго ўтварылася варонка дыямэтрам 30 на 30 сантымэтраў. Міністар выказаў вэрсію, згодна зь якой нехта ў Беларусі спрабуе выступаць супраць расейска-беларускага саюзу.

Між тым, незалежныя назіральнікі заўважаюць, што аўтарамі гэтай правакацыі могуць быць як варожыя расейска-беларускаму саюзу сілы, гэтак і тыя, хто найгучней саюз прапагандуе.

Адзначаецца, што ўсе падыходы да расейскай амбасады ў Менску кантралююць спэцсродкі, таму наблізіцца да яе ды кінуць за агароджу бомбу можа толькі той, хто ўпэўнены ў беспакаранасьці.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што "ніткі гэтай правакацыі цягнуцца ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі".

Паводле крыніцаў у расейскай амбасадзе, там узмацнілі ахову.