“ЦЕНЬ БРЭЖНЕВА Ў ПУЦІНСКІМ КРАМЛІ”

Юры Дракахруст, Прага

Крэмль, – адзначае газэта, – атрымаў перамогу над сваім самым небясьпечным ворагам: мэдыя-група Ўладзімера Гусінскага зьнішчаная, і дзяржава атрымала кантроль над усімі трыма агульнанацыянальнымі тэлеканаламі. Крэмль таксама арганізаваў аб’яднаньне чатырох ляяльных фракцыў у Дзярждуме, ператварыўшы яе ў “гумавую пячатку”, гатовую праштэмпеляваць любую прапанову ўраду.

Некаторыя разглядаюць гэтыя падзеі як небясьпечны наступ на дэмакратыю. Іншыя, асабліва ў самой Расеі, бачаць у гэтым станоўчы бок – паводле іх меркаваньня ліквідацыя гэтых перашкодаў дазволіць ураду працаваць больш плённа і зладжана і праводзіць эканамічныя рэформы больш хутка і пасьлядоўна.

Ня будзем спрачацца наконт таго, ці варта абмяжоўваць дэмакратыю дзеля паскарэньня рэформаў, – піша аўтар International Herald Tribune. Але наколькі ў выніку гэтых дзеяньняў расейская дзяржава сапраўды стала больш моцнаю, наколькі дзяржаўны апарат стаў больш здольным зладжана працаваць на дасягненьне пастаўленых мэтаў? – задае пытаньне газэта.

Яе аўтар адзначае, што зьнікненьне публічнай апазыцыі прывяло да абвастрэньня супярэчнасьцяў і канфліктаў унутры самога дзяржаўнага апарату, вышэйшыя чыноўнкі львіную долю свайго часу займаюцца ня працаю, а змаганьнем за сваё палітычнае выжываньне.

У якасьці яскравага прыкладу гэтых “боек пад дываном” International Herald Tribune спасылаецца на тэксты тэлефоных размоваў з прыёмнай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Аляксандра Валошына. Раздрукоўкі гэтых перахопленых размоваў зьявіліся ў расейскай Інтэрнэт-газэце “Стрынгер”. International Herald Tribune адзначае, што перахоп хутчэй за ўсё быў зроблены не палітычнымі ворагамі Крамля, а канкурэнтамі Валошына ў самім Крамлі. Значную частку гэтых размоваў складаюць званкі вядомых у Расеі асобаў, якія лісьліва пытаюць сакратарак Валошына, што падараваць іх шэфу на дзень нараджэньня.

International Herald Tribune мяркуе, што менавіта гэтая апаратная барацьба, валтузьня за “доступ да цела” істотна зьніжае эфэктыўнасьць працы дзяржаўнага апарату. Гэзэта прыгадвае, у прыватнасьці, няздольнасьць расейскай улады дамагчыся прагрэсу ў ключавых ваенай рэформе і рэформе энэргетычнай галіны.

У якасьці яшчэ адной крытычнай праблемы газэта называе рост інфляцыі ў Расеі з пачатку сёлета. Паводле пляну, за ўвесь 2001 год яна мусіла не перавысіць 12%, але толькі за першы квартал году цэны падняліся на 10%. International Herald Tribune адзначае, што вышэйшыя чыноўнікі не сьпяшаюцца рабіць энэргічныя захады для вырашэньня гэтай праблемы, каб не апынуцца ў ліку вінаватых і ня стаць ахвярамі палітычнай інтрыгі. Газэта лічыць, што ў Расею вяртаюцца палітычныя норавы брэжнеўскай эпохі – жаданьне дагадзіць вышэйшаму кіраўніцтву пераважаюць над інтарэсамі справы. А гэта – просты шлях і да эканамічнай стагнацыі, – заўважае International Herald Tribune.