СВАБОДА ВЫСЬВЯТЛЯЕ, ХТО ПАЗБАВІЎ БЕЛАРУСАЎ РАСЕЙСКІХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ

Ганна Соусь, Менск

Я паспрабавала высьветліць, хто ўсё ж загадаў перакрыць вяшчаньне расейскіх каналаў 8 і 9 траўня. Тым больш, што ўчора афіцыйна былі агучаныя дзьве вэрсіі. Адна — Аляксандра Лукашэнкі: пра тое, што нібыта мелі месца тэхнічныя праблемы. Другая — Уладзімера Замяталіна, пра "часовую рэалізацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі".

У прыёмным пакоі Міністэрства сувязі нашаму радыё выказалі досыць адметную заўвагу з гэтай нагоды: "Хто ж вам праўду скажа?"

А вось дырэктар Рэспубліканскага тэлерадыёперадавальнага цэнтру Генадзь Роса быў больш канкрэтны:

(Роса: ) "Праграмны прадукт мы атрымліваем ад каго? Ад Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Што нам даюць — тое й перадаем у эфір. А чый загад ды што там рабілася — гэта ня наша пытаньне".

Атрымаць тлумачэньні ад кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі мне не ўдалося: там спаслаліся на занятасьць Віктара Чыкіна, які нібыта праводзіў нараду з намесьнікамі.

Тады я зьвярнулася ў кампанію "Космас-ТБ". У часе, калі трансьляцыя ўсіх расейскіх тэлеканалаў была замененая беларускім вяшчаньнем, гэтае беларуска-амэрыканскае прадпрыемства захавала вяшчаньне НТВ для сваіх абанэнтаў.

Сытуацыю зь перакрыцьцём вяшчаньня расейскіх каналаў у офісе "Космас ТБ" тлумачаць наступным чынам:

(Украінцава: ) "Пазьбегнуць перакрыцьця мы не маглі. Міністэрства сувязі атрымала такое распараджэньне "зьверху", каб мы трансьлявалі па ўсіх каналах менавіта Беларускае тэлебачаньне. Хачу заўважыць, што канал НТВ трансьляваўся ў поўным аб’ёме, таму што мы маем прамую дамову з кампаніяй НТВ", — паведаміла апэратарка абанэнцкага аддзелу "Космас ТБ" Натальля Ўкраінцава.

А вось што распавёў у інтэрвію Радыё Свабода дырэктар маркетынгу ды грамадзкіх сувязяў "Космас ТБ" Аляксандар Карнаух:

(Карнаух: ) "Справа ў тым, што ў 23.40 мы аднавілі вяшчаньне ОРТ і РТР у поўным аб’ёме, у той час, калі астатнія каналы, што ідуць з Калодзішчаў, перакрываліся да раніцы 9 траўня. Мы шкадуем, што ня здолелі цалкам аднавіць вяшчаньне, але ўсё, што магчыма, мы зрабілі. Цяпер мы робім усё, каб гэтага не паўтарылася надалей. І тое, што залежыць ад нас (гэта тычыцца трансьляцыі расейскіх каналаў), мы пастараемся захаваць у арыгінальнам выглядзе".

Кампанія "Космас ТБ" — камэрцыйныя структура, і ейнае кіраўніцтва добра разумее, што кліенты, збольшага заможныя людзі, ня згодныя плаціць грошы за трансьляцыі прамоваў Аляксандра Лукашэнкі па ўсіх каналах.

Што да іншых тэлегледачоў, то яны, як паказалі падзеі 8 і 9 траўня, у любы момант могуць пазбавіцца магчымасьці глядзець любыя тэлеканалы, акрамя аднаго — які прапагандуе Аляксандра Лукашэнку.