РОЛЯ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПРЭСЫ Ў ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ І СТВАРЭНЬНІ ІМІДЖУ КАНДЫДАТА Ў ПРЭЗЫДЭНТЫ.

Віталь Тарас, Прага

Удзельнічаюць: галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк.

(Тарас: ) “Днямі пяцёра апазыцыйных кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах правялі сумесную прэсавую канфэрэнцыю, на якой заявілі аб намеры каардынаваць свае дзеяньні ў часе выбарчай кампаніі і дапамагаць адно аднаму. Важнае пытаньне, якое стаіць перад кожным кандыдатам паасабоку і перад усімі разам – як дайсьці да выбаршчыкаў, данесьці да іх свае ідэі. І ў непасрэдным сэнсе, і ў пераносным – праз прэсу: пры тым, што галоўныя СМІ ў руках дзяржавы, і яны даўно ўжо вядуць выбарчую кампнію на карысьць Лукашэнкі.

Сп.Нісьцюк, не сакрэт, што Вы ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі Лукашэнкі ў 94-м годзе. Тады дзяржаўная прапаганда была на баку кандыдата ад улады – супраць усіх астатніх і ў тым ліку Лукашэнкі. На Вашу думку, ці можна скарыстаць нейкі вопыт тае выбарчае кампаніі ў новай сытуацыі?”

(Нісьцюк: ) “Я думаю, што гэта не зусім аднолькавыя выбарчыя кампаніі – 94-га году і сёлетняя. У 94-м улады не заміналі Аляксандру Лукашэнку выкарыстоўваць дзяржаўныя СМІ. Ён меў гарантаваны доступ да іх: па-першае, як старшыня камісіі Вярхоўнага Савету, як дэпутат, як кандыдат у прэзыдэнты.

Я магу сьцвердзіць зараз, што абмежаваньня дзяржаўных СМІ ў выбарчай і перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі не было. Зараз сытуацыя больш складаная. Зараз жорстка манапалізаваныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, і ў гэтых умовах ня ўвесь той досьвед, які быў набыты ў 94-м годзе, можна выкарыстоўваць.

Трэба набываць новы досьвед і рыхтаваць новыя сцэнары і новыя тэхналёгіі давядзеньня да людзей думак патэнцыйных кандыдатаў”.

(Тарас: ) “Сп.Івашкевіч! Ці здольная вашая газэта сёньня рэальна дапамагчы – не кандыдатам, але выбаршчыкам, каб яны разабраліся, што адбываецца і змаглі сьвядома галасаваць за нейкага кандыдата?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што газэты ў тым выглядзе, як яны ёсьць, незалежныя, могуць толькі абмежавана ўплываць на інфармаванасьць насельніцтва. Яны могуць проста ўплываць на інфармаванасьць актыўнай часткі грамадзтва, спадзеючыся, што тыя будуць у нейкіх асабістых кантактах рэтрансляваць тую інфармацыю, якую яны прачыталі ў незалежнай прэсе.

Насамрэч, у часе гэтай кампаніі неабходна будзе масава раздаваць інфармацыйную прадукцыю – прычым, мабыць, ня столькі ўлёткі, а можна сказаць, эрзац-газэты, ці спэцвыпускі. Газэта “Рабочы” рабіла спэцвыпускі, “Народная воля” і “Наша Свабода”. Вось такі масавы наклад спэцвыпускаў можа стаць пэўным інфармацыйным прарывам, прынамсі, у вялікіх гарадах”.

(Тарас: ) “У Беларусі, фактычна, няма партыйнай прэсы. Добра гэта ці кепска – напэўна, цяжка адразу і адказаць. Разам з тым, практыка так званых альтэрнатыўных выбараў 99-га году паказала заангажаванасьць многіх, калі ня ўсіх, выданьняў у пляне падтрымкі таго ці іншага кандыдата.

Калі ўспомніць, што 5 траўня раней адзначалася як Дзень савецкага друку, ці застаецца актуальным лёзунг наконт партыйнасьці друку? Сп.Івашкевіч! Ці можна назваць газэту “Рабочы” у пэўным сэнсе партыйнай?”

(Івашкевіч: ) “Яна ня ёсьць партыйная, бо, па-першае, не друкуе матэрыялы ўнутранай дакумэнтацыі ніводнай партыі. Ёсьць пэўная супярэчнасьць (якая, тым ня менш, я думаю, вырашаецца даволі лёгка) – калі рэдактар ёсьць ня тое што прыхільнікам канкрэтнай партыі, а нават сябрам гэтай партыі. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, ёсьць канкрэтныя патрэбы чытачоў, якія патрабуюць рознай інфармацыі.

І, напрыклад, пад час кампаніі “Байкот”, калі я асабіста як рэдактар быў прыхільнікам байкоту, тым ня менш у газэце мы давалі інтэрвію і з прыхільнікамі ўдзелу ў выбарах, ставячы побач матэрыялы пра таго, хто за байкот і таго, хто за ўдзел у выбарах. Гэта я як рэдактар рабіў сьвядома, бо чытачы ўсё ж патрабуюць розныя пункты гледжаньня.

Іншая справа – партыйнасьць газэты ў тым, што я лічу немэтазгодным прадастаўляць плошчы сваёй газэты для выказваньняў прыхільнікаў Лукашэнкі, таму што лічу, што дастаткова радыё й тэлебачаньня. Чытачы нашай газэты з афіцыйнай думкай могуць пазнаёміцца і безь яе.

У гэтым сэнсе – сэнсе апазыцыйнасьці да ўлады – гэта можна назваць партыйнасьцю. Але ў сэнсе таго, ці ёсьць газэта рупарам адной з палітычных партыяў – дык я лічу, што ў нас няма такіх газэтаў, якія б адлюстроўвалі меркаваньне толькі адной партыі. Усе газэты імкнуцца прадставіць сваім чытачам шырокі спэктар дэмакратычных думак”.

(Тарас: ) “Спадар Нісьцюк, а як Вы ставіцеся да прынцыпу партыйнасьці ўвогуле. А канкрэтна – як у выпадку з пяцьцю кандыдатамі прэса зможа падтрымліваць усіх іх разам? Ці ўсё-ткі, будзе аддадзеная перавага камусьці аднаму?”

(Нісьцюк: ) “Я думаю, прынцыпу партыйнасьці ў беларускай незалежнай прэсе, як такога, няма. Ёсьць іншы прынцып ангажаваньня гэтых недзяржаўных газэтаў. Жабрацкі іх лёс, адсутнасьць сродкаў, адсутнасьць абароненанасьці – прававой, сацыяльнай і г.д. – падштурхоўвае галоўных рэдактараў вельмі часта да тых, хто гатовы ім рэальна дапамагчы, у тым ліку й фінансамі. Таму мы бачым, што шмат якія недзяржаўныя газэты залежаць ня столькі ад партыі ці думак лідэраў, колькі ад думкі тых, хто мае магчымасць ім вельмі добра дапамагчы.

Таму, канечне, ёсьць газэты, якія на ўсіх пяцёх кандыдатаў працаваць ня будуць ні ў якім выпадку. А што могуць зрабіць усе незалежныя газэты, увесь незалежны друк для пяці кандыдатаў – гэта толькі агульныя накірункі сумеснай працы.

Ёсьць тэмы, у якіх партыйнасьць патэнцыйнага кандыдата не адыгрывае ніякай ролі. Ёсьць, напрыклад, патрэба назіраць за выбарамі, і гэта вялкіая агульная кампанія, якую будуць весьці ўсе патэнцыйныя кандыдаты. Ёсьць праблема падрыхтоўкі зборшчыкаў подпісаў. Шмат хто ня можа зьбіраць подпісы, ня ведае, як гэта рабіць. Таму што многія ня ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах і ня ведаюць, якія пасткі ставіць улада на шляху збору подпісаў за вылучэньне дэмакратычных кандыдатаў. І таму трэба гэтых людзей навучыць. Гэта таксама вялікая праграма, і на гэтую праграму таксама будуць працаваць усе недзяржаўныя СМІ.

Ёсьць праграма падрыхтоўкі будучых сяброў выбарчых камісіяў. Мы будзем усе намаганьні прыкладаць, каб у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў увайшлі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Гэта таксама агульныя намаганьні.

А тое, што кожны будзе ісьці на збор подпісаў і вылучэньне асабіста – гэта таксама ўжо добра вядома пасьля апошняй прэсавай канферэнцыі, якую правялі пяцёра кандыдатаў.

Ня трэба перабольшваць ролю незалежных СМІ ў тым, што яны будуць працаваць на агульную кампанію, на кааліцыю, блёк, на нейкую групу людзей. Не, усё адно будуць працаваць газэты больш на тых, хто ўжо мае зь імі даўнія і розныя адносіны, хто іх падтрымлівае, у тым ліку фінансава. Але ёсьць такія накірункі, у якіх уся незалежная прэса Беларусі будзе вымушаная працаваць разам, і гэта добры знак”.

(Тарас: ) “Зараз я хачу пагаварыць пра імідж кандыдатаў. Наколькі гэта актуальна для Беларусі? Дарэчы, была інфармацыя, што на Лукашэнку, на стварэньне ягонага іміджу ў 94-м годзе працавала адна з кампаніяў з Масквы. Спадар Нісьцюк, ці можаце Вы гэта пацьвердзіць?”

(Нісьцюк: ) “Я далучыўся да выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі толькі ў пачатку красавіка 94-га. А кампанія па стварэньні ягонага іміджу пачалася яшчэ тады, калі яго абралі старшынём камісіі па барацьбе з карупцыяй. Таму я, напрыклад, асабіста ня бачыў побач зь ім нікога з паліттэхнолягаў Расеі. Я ня бачыў іхнага ўплыву на тое, што рабілася ў нас у Беларусі. Але ў мяне ёсьць такая думка, што гэтыя людзі працавалі, але значна раней – не на этапе ўжо выбарчай кампаніі. Яны стваралі Лукашэнку як будучага кандыдата ў прэзыдэнты значна раней – можа, у 93-м годзе, можа нават яшчэ раней. І тады ствараўся імідж Лукашэнкі – змагара супраць карупцыі, змагара за народнае шчасьце”.

(Тарас: ) “Напрошваецца пытаньне: а ці не спазьніліся ўжо кандыдаты з фармаваньнем іміджавых камандаў, фармаваньнем уласнага іміджу? Мабыць, яны чакаюць афіцыйнага старту выбарчай кампаніі, і гэта азначае безнадзейна ўпушчаны час? Ці наогул гэтая праблема зараз не актуальная?”

(Івашкевіч: ) “На маю думку, у кандыдытаў наогул няма рэальных такіх групаў і на сёньняшні дзень. Таму што іхнае жаданьне неяк пазьбегнуць вострых вуглоў, ня выставіць сябе ў сьмешным ці скандальным выглядзе прыводзіць да таго, што ўсе яны выглядаюць як абсалютна шэрыя. І на тле яркага, хаця б скандальна, Лукашэнкі, яны ўсё прайграюць.

Я думаю, памылка, калі кажуць, што мы павінны выставіць кандыдатам абсалютна іншага чалавека, чым сёньняшні прэзыдэнт. Слушна. Але ўсё роўна гэта павінен быць чалавек яркі, ён павінен зьдзяйсьняць нейкія ўчынкі, якія зьяўляюцца інфармацыйным повадам для журналістаў.

Усе кандыдаты прапусьцілі магчымасьць прыняць удзел у Чарнобыльскім шляху. Лукашэнка адыграў Чарнобыльскі шлях па поўнай праграме, а каныдаты ад гэтага ўхіліліся, чым цалкам прайгралі. Мо яны баяцца патрапіць на пяць сутак ці атрымаць штраф? Але гэтыя суткі ці штраф не перашкодзяць ім вылучацца ў кандыдаты, але маглі б выставіць іх у якасьці абаронцаў вялікай катэгорыі людзей.

Галоўная праблема, што нашы кандыдаты у часе гэтай кампаніі ня робяць ніякіх яркіх учынкаў. Значыць, у іх няма камандаў, якія б ім гэта падказвалі. Лукашэнка ў свой час выступіў з выкрыцьцём карупцыі, а потым прастрэліў свой Мерсэдэс, чым таксама зрабіў вялікі скандал. Я не заклікаю кандыдатаў рабіць гэтыя самастрэлы, але ж нейкія гучныя і скандальныя, у добрым сэнсе слова, учынкі яны мусяць рабіць. Інакш яны прайграюць”.
(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)