ПАЙШЛІ ТРЭЦІЯ СУТКІ ГАЛАДОЎКІ ПРАФСАЮЗНАЙ АКТЫВІСТКІ Ў БАБРУЙСКУ

Міхал Стэльмак, Менск

Алена Захожая, інвалід 3-й групы, паведаміла нашаму радыё, што сёньня ў яе хапіла моцы дабрацца да працы.

(Захожая: ) "Калі б я была маладая ды здаровая, маё адчуваньне было б добрае. А паколькі я й не маладая, і не здаровая, то сэрца непакоіць. І нават вельмі. Але раніцай мне пашанцавала — дасталося сядзячае месца ў тралейбусе. Думаю, калі б не дасталося — не даехала б", — паведаміла лідэрка незалежнага прафсаюзу “Белшыны”.

На прадпрыемстве ёй сёньня далі больш лёгкае, чым звычайна, вытворчае заданьне. Бо, паводле ейных словаў, непасрэдныя кіраўнікі ёй спачуваюць. Што тычыцца адміністрацыі камбінату, то яно не падае ніякіх знакаў, што патрабаваньне прафсаюзнай лідэркі выканаюць.

Нагадаем, спадарыня Захожая хоча, каб выдалі грашовую пазыку на будаўніцтва жыльля сябру дэмакратычнага прафсаюзу, рабочаму Алейнікаву. Ёсьць аднак прыкметы, што галадоўка прафсаюзнай лідэркі мае плён. Справай Алейнікава, паводле ягоных зьвестак, пачалі займацца на шынным камбінаце.

Аднак у прадстаўніцы адміністрацыі “Белшыны” Натальлі Васільевай акцыя пратэсту Алены Захожай выклікае непрыхаванае раздражненьне:

(Васільева: ) "Няма такой галадоўкі. У мяне ніякіх дакумэнтаў адносна Алены Паўлаўны няма".

Падобна на тое, што кіраўніцтва “Белшыны” не зьбіраецца прызнаваць факту галадоўкі лідэркі мясцовай суполкі Незалежнага прафсаюзу. Учора Бабруйск наведаў прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед. Аднак сустрэцца з кіраўніцтвам шыннага камбінату яму не ўдалося:

(Бабаед: ) "Адміністрацыя адмовілася сустрэцца — хваробы ў іх, часу няма. Будзем зьвяртацца да прафсаюзаў Беларусі і да міжнародных дапаможных структур па дапамогу, каб гэтую акцыю пратэсту падтрымалі. Захожая адважылася на рызыкоўны крок. Яна інвалід, праблемы з сэрцам у яе — галадоўка можа скончыцца трагічна", — зазначыў Віктар Бабаед.