ПЯЦЁРА ВЕРАГОДНЫХ КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ АБ'ЯВІЛІ ПРА ЎЗАЕМНУЮ ПАДТРЫМКУ

Уладзімер Глод, Менск

Пяцёра верагодных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта назвалі тры галоўныя падставы для аб'яднаньня сілаў. Першая: толькі так, на іхную думку, можна перамагчы на выбарах. Па-другое, аб'яднаньне дазволіць не паўтарыць памылку прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі дэмакратычныя кандыдаты не змаглі вызначыць адзінага прэтэндэнта. Па-трэцяе, публічнае зьяўленьне пяцёркі кандыдатаў дае той частцы электарату, якая ўжо гатовая не галасаваць за Лукашэнку, але пакуль ня бачыць, хто б яго мог замяніць, магчымасьць выбару.

Ці можа такое аб'яднаньне, дзе тры палітыкі — Ганчарык, Казлоўскі й Чыгір — выступаюць як цэнтрысцкія кандыдаты, а Домаш і Калякін — адпаведна на правым і левым флянгах, быць трывалым і моцным? Вось што адказвае на гэтае пытаньне Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Пакуль што я ня бачу іншага больш моцнага. Я лічу, што гэта моцны блёк. І мне падаецца, што ён будзе яшчэ ўзмацняцца".

Сёньня казалі, што спачатку аб'ядналіся тры кандыдаты — Ганчарык, Казлоўскі і Чыгір, да іх пазьней далучыліся Домаш і Калякін. Я спытаўся ў генэрала Казлоўскага: чым, на ягоны погляд, пяцёрка лепшая за тройку?

(Казлоўскі: ) "Я лічу, што гэта вельмі добры крок. Гэта прадстаўнікі шырокіх колаў нашай рэспублікі. Гэта вельмі важна. Гэта ўздымае настрой, уздымае веру ў нашу перамогу. Я лічу, што гэта галоўнае. І насельніцтва ўбачыць нашую сілу, і суседзі таксама".

Журналісты дапытваліся ў прэтэндэнтаў: каго яны самі бачаць адзіным кандыдатам ад апазыцыйных Лукашэнку сілаў і хто пераможа на выбарах. Сяргей Калякін наступным чынам пракамэнтаваў гэтае пытаньне:

(Калякін: ) "Я ўпэўнены, што адзін з нас будзе прэзыдэнтам Беларусі".

Хто будзе адзіным кандыдатам, вырашыцца толькі пасьля рэгістрацыі. Ня выключана, што да таго часу "пяцёрка" пашырыцца. Усе пяцёра кандыдатаў сказалі, што гатовыя прыняць у свае шэрагі новых асобаў, але толькі са згоды ўсёй пяцёркі, паводле формулы "5 плюс Ікс".

Шмат было пытаньняў і пра міжнародную ізаляцыю Беларусі. Свой погляд на гэты конт выказаў Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) "Ізаляцыя пачалася з рэфэрэндуму 1996 году. Я як тагачасны прэм'ер тады папярэджваў пра такую магчымасьць. Так і атрымалася. Каб выйсьці з ізаляцыі, спатрэбіцца два месяцы. Будуць зробленыя адпаведныя заявы і, я думаю, праз два месяцы да нас павернуцца тварам і Эўропа, і ўвесь сьвет".

Асобны блёк пытаньняў — пра беларуска-расейскую інтэграцыю. Уладзімер Ганчарык бачыць гэтую праблему так:

(Ганчарык: ) "Гэта павінны быць дружалюбныя адносіны, і я не выключаю ўмацаваньня Саюзу. Але Саюзу сувэрэнных дзяржаваў Расеі і Бларусі. Галоўнае, каб гэта было для людзей працы і выгадна для дзяржаваў. Вось гэта галоўнае. Усе астатнія пытаньні — адзінай дзяржавы, адзінай грошавай адзінкі — гэта не пытаньні сёньняшняга дня".