ПРАДСТАЎНІКОЎ АБСЭ НЕ ПУСКАЮЦЬ У ТУРМУ ДА ЧЫГІРА-МАЛОДШАГА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ганс-Георг Вік працяглы час вёў перамовы з афіцыйнымі асобамі, каб наведаць у менскім сьледчым ізалятары Чыгіра-малодшага, які знаходзіцца там ужо тры месяцы.

Нарэшце пры канцы красавіка штаб-кватэры КНГ зь міліцыі паведамілі, што сустрэчу дазволілі. Яна была заплянаваная на сераду, 2-га траўня.

Аднак напярэдадні ў офіс АБСЭ патэлефанаваў сьледчы Сяргей Салькоў, які кіруе групай сьледчых у справе малодшага Чыгіра, і заявіў, што сустрэча адмяняецца. Прычыны адмовы ён не паведаміў.

Не пажадаў сьледчы камэнтаваць сваё рашэньне і для нашага радыё. З дасьведчаных крыніцаў вядома, што сп. Вік, магчыма, наведае ізалятар пазьней. Называюць нават дату — 15 траўня. Быццам бы гэта зьвязана з тым, што да 15 траўня пракуратура павінна завершыць праверку дзеяньняў сьледчага Салькова, на якога паскардзіліся Аляксандар Чыгір і ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка.

Між тым, маці Чыгіра-малодшага мяркуе, што сьледчы ня сам прымаў рашэньне не пускаць сп. Віка да Аляксандра.

(Юлія Чыгір: ) "Зразумела, што калі Вік сустрэнецца з сынам, ён даведаецца пра парушэньне ягоных правоў, у прыватнасьці, на абарону, пра тое, што праводзіліся сьледчыя дзеяньні без адваката, што сына пры затрыманьні зьбівалі. Ён даведаецца, што па сёньняшні дзень Аляксандру ня кажуць пра вынікі экспэртызы, якая праводзілася пасьля ягонага зьбіцьця.

Гэта парушэньні вельмі істотныя, яны па ўсіх нашых законах падпадаюць пад артыкулы, паводле якіх трэба тэрмінова чалавека вызваляць", — лічыць маці затрыманага Юлія Чыгір.

Сьледчы Салькоў дагэтуль не дазволіў ёй абараняць сына і нават не адказаў на ейнае хадайніцтва быць абаронцай на час сьледчых дзеяньняў.