Перад эўрапейцамі, якія зь недаверам успрымаюць сацыяльныя і эканамічныя зьмены, якія ажыцьцяўляюцца ў імя эўрапейскага адзінства, зьявілася яшчэ адна праблема – праблема ангельскай мовы. Падмываюцца падставы нацыянальнай самасьвядомасьці, зьяўляецца пагроза абвастрэньня нацыянальнай варожасьці, урады вялікіх эўрапейскіх краінаў плянуюць жорсткія супроцьсродкі ў галіне моўнай палітыкі, такія як кантроль мовы прэсы і манітараваньне тэлевізійных праграмаў у пошуках кантрабанднай ангельшчыны, – піша New York Times.
Краіны, якія найбольш абураныя англа-саксонскім моўным наступам, – гэта вялікія нацыі. Новая “лінгва франка” (сусьветная мова) – гэта не прамовы Вальтэра, Гётэ, Дантэ ці Сэрвантэса. Гэта мова Макдональдса, Дыснэйлэнду і Джэры Спрынгера. Але гэта таксама мова Шэкспіра, Амэрыканскай Канстытуцыі і Бітлаў. Але мы ня чуем пратэстаў з боку датчанаў, галяндцаў ці вугорцаў. Малыя нацыі прызвычаіліся да вывучэньня іншых моваў.
Апошні раз, калі Эўропа карысталася агульнай мовай, быў прыблізна 500 год таму. Стварэньне новай супольнай мовы было б надзвычай важным фактарам на шляху да супольнай Эўропы. Можа нават больш важным, чымся стварэньне агульнай валюты – эўра. Прыняцьцё ангельскай мовы дазволіць эўрапейцам лепш канкураваць са Злучанымі Штатамі ў бізнэсе і на рынку ідэяў.
Апошняй супольнай мовай Эўропы была латынь. І няма ніякага сумневу, што 2000 гадоў таму шматлікія грэцкія і егіпецкія інтэлектуалы, а таксама гальскія і германскія сагі абвяшчалі рымскую культуру ў якасьці антыкультуры. Дакладна таксама, як сёньня францускія, нямецкія і італьянскія інтэлектуалы кляймяць дамінацыю амэрыканскай ангельшчыны.
Трэба прызнаць, піша New York Times, што ў адным важным пытаньні праціўнікі ангельшчыны маюць рацыю. Моўная дамінацыя сымбалізуе сабой значна больш, чым увод у мову перакладзеных словаў і думак. Мовы – гэта таксама носьбіты культурных каштоўнасьцяў і філязофскіх сыстэмаў. Кожны перакладчык ведае, як цяжка знайсьці дакладны адпаведнік для словаў, нават, калі яны выглядаюць як сынонімы. Глупотай было б, калі б моўная паліцыя выдумляла штучна сканструяваныя францускія, нямецкія ці гішпанскія словы для замены такіх словаў як "кампутар" ці “маркетынг”.
Нягледзячы на сапраўды сур’ёзныя прычыны для заклапочанасьці, эўрапейцы павінны прызнаць адзін просты факт: іх нацыянальныя мовы, рэгіянальныя дыялекты і нават культуры ня маюць выбару, як толькі зьмяніцца пад уплывам амэрыканскай ангельскай мовы. І пазьней трэба паставіць адно вельмі амэрыканскае пытаньне: So what? (што ж у выніку?)
Зьяўленьне новай латыні, піша New York times, ні ў якім разе не азначае, што іх моўны сьвет можа зьнікнуць. Эўрапейцы маюць права быць заклапочанымі тым, што іх нацыянальныя мовы могуць выкарыстоўвацца толькі ў момантах інтымнасьці, саамаізаляцыі і прыватных думак.
Няма замены матчынай мове. Фактычна глябалізацыя можа нават спрыяць індывідуальнай этнічнасьці. У нашым гэтак узаемазалежным сьвеце амаль кожны нешта хавае ўнутры, і часам не адну, а некалькі сьвядомасьцяў, якія часам суіснуюць даволі гарманічна.
У Бэрліне я зусім не адчуваю, што я бэрлінец ці немец, я па-просту дома. А ў Амэрыцы я раблюся эўрапейцам, – піша Пэтэр Шнайдар на старонках New York Times. – І я не хачу адмаўляцца ад адной ці некалькіх сьвядомасьцяў на карысьць іншых. Такім чынам, шматмоўная лінгвістычная сьвядомасць – гэта элемэнт жыцьця мільёнаў людзей на нашай плянэце.