15:30 “ПАМІРАЮЦЬ ЛЮДЗІ АД ГЭТАГА…”

Ягор Маёрчык, Менск

(Карэспандэнт: ) “Ці дастаткова, на ваш погляд, інфармацыі пра Чарнобыль?”

(Міначка: ) “Не. Паміраюць людзі ад гэтага, а ніхто толкам нам ня скажа, ад чаго”.

(Іншая міначка: ) “Многія людзі стараюцца адмахнуцца і ня думаць пра гэта”.

(Мінак: ) “Я не цікаўлюся такой інфармацыяй. Не адчуваю я радыяцыі”.

(Іншы мінак: ) “Інфармацыю або скажаюць, або даюць у такім выглядзе, што чалавек пасьля не разумее, чаго трэба баяцца. Я сам зь ліквідатараў. Для мяне, напрыклад, быў жах, калі я ўбачыў салдат, якія сядзелі на абломках графіту. Ім не патлумачылі, што да іх нават набліжацца небясьпечна. А ён сядзіць і перакурвае”.

(Іншы мінак: ) “Няпраўду кажуць”.

(Іншая міначка: ) “Раней друкавалі, дзе можна зьбіраць грыбы, дзе не. А зараз нам такой інфармацыі не даюць”.

(Іншая міначка: ) “Інфармацыі хапае, каму трэба, таму дастаткова”.

(Іншы мінак: ) “Канечне, не хапае”.

(Іншы мінак: ) “Я думаю, што наагул гэтай інфармацыі няма. Людзі прыцярпеліся да гэтай тэмы, яна іх менш ужо і цікавіць. Жыцьцё стала цяжкае, і праблемы Чарнобыля адыйшлі на другі плян”.

(Карэспандэнт: ) “З чым зьвязаны недахоп інфармацыі?”

(Іншы мінак: ) “Віна ў гэтым Лукашэнкі і ўраду, у прыватнасьці. Таму што калі ён езьдзіць туды і кажа, што ўсё гэта “чушь сабачья” і няма чаго баяцца – дык усё гэта няпраўда”.

(Іншы мінак: ) “Урад вінаваты, што не надае шмат увагі людзям. Выгадна для ўлад, бо калі даваць нейкую інфармацыю па чарнобыльскай праблеме, дык давядзецца ўкладаць нейкія грошы”.