Адказ за подпісам старшыні гарвыканкаму Мікалая Заразакі не падае ніякіх аргумэнтаў забароны мітынгу “на пляцоўцы насупраць гарадзкога Дома культуры ля ўзьведзенай трыбуны”. Прыводзіцца толькі рашэньне гарвыканкаму №845 пра вызначэньне месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Але тым дзіўней — чаму ж выканкам не дазваляе гараджанам мітынгі ля спэцыяльна ўзьведзенай трыбуны, дзе, дарэчы, і адбываюцца афіцыйныя імпрэзы.
Як мяркуе адзін з ініцыятараў мітынгу, ліквідатар-чарнобылец і кіраўнік гарадзкой суполкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Гулай, выканкам наўмысна выпраўляе ўсіх апазыцыянэраў на ўскраіну.
Гэтым разам вэртыкальнікам наогул не спадабалася тэма замоўленага мітынгу: “Выяўленьне адносінаў да злачынных паводзінаў уладаў у сфэры абароны правоў людзей, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы”. Зьмяніць тэму рэчычане адмовіліся, таму гарвыканкам і забараніў мітынг.
Паводле словаў спадара Гулая, дзеяньні выканкаму будуць абскарджаныя найперш у пракуратуры.
Па фармальных прыкметах — адсутнасьці адрасоў у замове — не дазволіў Чарнобыльскі мітынг 6 гараджанам і Сьветлагорскі гарвыканкам.
Усё ж актывісты мяркуюць скарыстаць афіцыйны мітынг для расповеду пра згубныя наступствы Чарнобыля.
Гадзіны смутку пройдуць 26 красавіка ў Гомелі і Мазыры. Дазволу на гэта мясцовыя дэмакратычныя суполкі ва ўладаў не прасілі.