ГЕОРГІЯ ГАНГАДЗЭ БАЧЫЛІ ЖЫВЫМ У ПРАЗЕ?

Алена Ціхановіч, Прага

Сем фракцыяў украінскай Вярхоўнай Рады падпісаліся пад заяваю, якая нэгатыўна ацэньвае рашэньне Злучаных Штатаў даць палітычны прытулак былому маёру ўкраінскіх спэцслужбаў Міколу Мельнічэнку. Нагадаю, што Мельнічэнка абнародваў запісы размоваў прэзыдэнта Кучмы, якія даюць падставы меркаваць, што прэзыдэнт меў дачыненьне да зьнікненьня незалежнага журналіста. Афіцыйны Кіеў спачатку сьцьвярджаў, што запісы – фальшыўка, цяпер – што за Мельнічэнкам стаяць амэрыканскія спэцслужбы, і што маёр бясьпекі “купіў” статус уцекача, прадаўшы дзяржаўныя таямніцы Ўкраіны.
Лідэр фракцыі “Яблоко” ва ўкраінскім парлямэнце Віктар Суслаў заявіў нашаму радыё, што калі цяпер зьявяцца новыя фрагмэнты запісаў, то гэта ўжо будзе “з падачы ЗША”.

Між іншым, статус палітычнага ўцекача ў ЗША атрымала таксама жонка зьніклага журналіста Міраслава Гангадзэ. Зараз яна знаходзіцца ў Варшаве і сказала, што яшчэ разважае, ці трэба ёй скарыстацца нададзеным статусам. Міраслава Гангадзэ таксама сьцьвярджае, што яе дзеяньні ніякім чынам не зьвязаныя з цяперашнім палітычным супрацьстаяньнем ва Ўкраіне. Намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Алексій Баганец на сваёй учорашняй прэсавай канфэрэнцыі, між тым, даводзіў, што жонка Гангадзэ перасьледу ў краіне не зазнавала.

Адвакат маці журналіста – Лесі Гангадзе – заявіў сёньня, што цела, знойдзенае ў Тарашчанскім лесе, якое цяпер знаходзіцца ў галоўным бюро судова-мэдычнай экспертызы, паводле яго інфармацыі, не належыць Георгію Гангадзэ. Па словах адваката, калі б экспэртыза была праведзеная так, як гэта патрабуе заканаўства, то праводзіць складаны аналіз ДНК трупа з параўнаньнем ДНК у крыві дзяцей Гангадзэ) увогуле ня будзе патрэбы.

Між тым, палітычны крызыс наздвычай эмацыйна разьвіваецца ва ўкраінскім парлямэнце. Пасьля ўчорашняга паседжаньня Вярхоўнай Рады яе сьпікер Іван Плюшч шпіталізаваны, а прэм’ер-міністар Віктар Юшчанка праходзіць курс лячэньня дома. У чацьвер парлямэнт Украіны прызнаў працу ўраду незадавальняючай, аднак да галасаваньня пра недавер ураду пакуль не дайшло. Адна з дэпутатак ад Руху абліла сябе бензынам і пачала выкрыкваць лёзунгі “За Юшчанку! Супраць камуністычна-алігархічнага малдоўскага сцэнару!” Аднак падпаліць сябе дэпутатцы не далі…

Адстаўкі папулярнага прэм’ера Юшчанкі дамагаецца альянс камуністычнай і прапрэзыдэнцкіх партыяў у Вярхоўнай Радзе. Галасаваньне, як лічаць назіральнікі, зьяўляецца спосабам ціску – або дабіцца ад Юшчанкі больш урадавых партфэляў для сваіх прадстаўнікоў, або прымусіць яго сыйсьці ў адстаўку.