Далейшы дзяржаўны лёс рэспублікі – галоўная тэма перадвыбарчай кампаніі ў Чарнагорыі. Прэзыдэнт Міло Джуканавіч і перадвыбарчы блёк “Перамога належыць Чарнагорыі” абяцаюць, што у выпадку перамогі на выбарах ужо гэтым летам правядуць рэфэрэндум пра незалежнасьць. Ня выключана, што ён будзе прызначаны на 13 ліпеня – дзень, калі ў 1878 годзе было абвешчанае Чарнагорскае каралеўства. Паводле сацыялягічных апытаньняў на нядзельных парлямэнцкіх выбарах каля 70% чарнагорскіх выбаршчыкаў маюць намер падтрымаць партыі, якія выступаюць за незалежнасьць рэспублікі.
Прыхільнікі адзінства фэдэрацыі аб’ядналіся ў перадвыбарчы блёк “Разам для Югаславіі”. На гэтым тыдні гэтая кааліцыя правяла ў Падгорыцы, сталіцы Чарнагорыі, мітынгі, у якіх узялі ўдзел да 10 тысячаў чалавек – усяго ў Чарнагорыі 650 тысячаў жыхароў. Лідэр блёку “Разам з Югаславіяй” Прэдраг Булатавіч заклікаў захаваць адзінства федэрацыі і заявіў:
“Не дазволім кааліцыі Джуканавіча атрымаць больш за 20 мейсцаў у парлямэнце”.
Усяго ў парляманце Чарнагорыі 77 мейсцаў. Сам прэзыдэнт Чарнагорыі характарызуе сваіх апанэнтаў – праціўнікаў незалежнасьці, таксама ня надта прыязна.
“Гэта кааліцыя разбуральнікаў Чарнагорыі, і яны самі адмаўляюць сябе, як чарнагорцы, заяўляючы, што яны – прыхільнікі Югаславіі”.
Варта адзначыць, што Чарнагорыя ўжо зараз мае шмат атрыбутаў незалежнай дзяржавы: з 1999 году валютаю рэспублікі зьяўляецца нямецкая марка, а не югаслаўскі дынар, паліцыя Чарнагорыі падпарадкоўваюцца прэзыдэнту рэспублікі, з Сэрбіяй – другой рэспублікай югаслаўскай фэдэрацыі, Чарнагорыю разьдзяляе мытная мяжа.
У свой час заходнія краіны падтрымлівалі кіраўніцтва непакорнай рэспублікі, разглядаючы яго як працівагу дыктатарскаму рэжыму прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча. Пасьля дэмакратычных пераменаў у Югаславіі, пасьля перамогі Ваіслава Каштуніцы заходняя падтрымка чарнагорскіх памкненьняў да незалежнасьці фактычна зьнікла. Але ня зьніклі самыя памкненьні.
Чарнагорскі прэзыдэнт Джуканавіч называе Каштуніцу сэрбскім нацыяналістам, нагадвае, што рэспубліка ня ўдзельнічала ў агульнаюгаслаўскіх выбарах, і падкрэсьлівае, што шасьцісоттысячная Чарнагорыі і дзевяцімільёная Сэрбія ня могуць быць раўнапраўнымі ў адзінай фэдэрацыі.
Цяперашняе кіраўніцтва Югаславіі, зразумела, не жадае аддзяленьня Чарнагорыі. Але ў адрозьненьне ад Мілошавіча, яно заяўляе, што ня будзе ўжываць сілу і прыме любы выбар чарнагорскага народу. Праўда, пры гэтым папярэджвае пра магчымыя наступствы. У чацьвер прэзыдэнт Каштуніца ў інтэрвію газэце “Блік” заявіў, што калі Чарнагорыя, абвесьціўшы незалежнасьць, паспрабуе перагледзіць межы з Сэрбіяй, гэта можа прывесьці да ўзброенага канфлікту.
Тое, што чарнагорская незалежнасьць можа надзвычай абвастрыць сытуацыю ў рэгіёне, адзначаюць і незалежныя аналітыкі. Гэта – кажуць яны – можа ўзмацніць памкненьні да незалежнасьці з боку косаўскіх і македонскіх албанцаў. З другога боку, гэта магло б узмацніць сэпаратысцкія настроі баснійскіх сэрбаў і харватаў. Нарэшце, набыцьцё Чарнагорыяй незалежнасьці безумоўна спародзіць палітычны крызыс ў Сэрбіі – федэральныя югаслаўскія ворганы ўлады стануць непатрэбнымі, і Ваіслава Каштуніцу спасьцігне лёс Міхаіла Гарбачова.
Прыхільнікі чарнагорскай незалежнасьці прыгадваюць князёў Петравічаў, якія кіравалі каралеўствам з 1696 году, зьвяртаюцца да гісторыі Чарнагорскага каралеўства, якое існавала ў ХІХ стагодьдзі і было далучанае да Сэрбіі ў 1918 годзе. Прыхільнікаў захаваньня фэдэрацыі палохае, што вяртаньне чарнагорскай незалежнасьці можа
спарадзіць чарговы выбух на Балканах, якія нездарма называюць парахавым пограбам Эўропы.