СКОНЧЫЛІСЯ 10 ДЗЁН З МОМАНТУ ЗАТРЫМАНЬНЯ БАНКІРА АНДРЭЯ МАРКОЎСКАГА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня праўленьня Беларускага біржавога банку Андрэй Маркоўскі папоўніў сьпіс беларускіх банкіраў, якія трапілі за краты. Паводле супрацоўнікаў сьледчага камітэту, Маркоўскага падазраюць у буйным крадзяжы валютных сродкаў. Пакуль не пацьвярджаюцца зьвесткі, што яму прад'явілі афіцыйнае абвінавачаньне. Між тым, гэта павінны зрабіць сёньня — калі праходзяць 10 дзён ад затрыманьня. Інакш банкіра мусяць выпусьціць на волю.

"Ніякіх камэнтароў да гэтай справы пакуль ня будзе", — паведаміў сёньня Свабодзе намесьнік кіраўніка сьледчага камітэту Сяргей Мігаленя.

Тымчасам Нацыянальны банк Беларусі распаўсюдзіў сёньня заяву з нагоды затрыманьня Маркоўскага. Гэта заклік да ўкладчыкаў і інвэстараў банку не хвалявацца за лёс сваіх грошай і працягваць фінансавыя апэрацыі з банкам у ранейшым рэжыме.

Гарантыяй захаванасьці ўкладаў, паводле Нацбанку, зьяўляецца дастаткова вялікі паводле беларускіх стандартаў памер статутнага фонду — 2 мільярды рублёў і прыбытковая дзейнасьць банку.

Гэтая заява Нацбанку, на думку спэцыялістаў, накіраваная на тое, каб прадухіліць паніку сярод укладчыкаў. Беларускаму біржавому банку даверылі грошы сотні камэрцыйных структураў і некалькі тысячаў грамадзянаў. Калі ўсе яны пажадаюць вярнуць уклады, банк можа збанкрутаваць — і паўторыцца сытуацыя, якую нядаўна перажыў банк "Белбалтыя".

Нацбанк паабяцаў укладчыкам "Белбалтыі" дапамагчы вярнуць грошы, але, калі збанкрутуе і Беларускі біржавы банк, яму разьлічваць на дапамогу будзе цяжка, лічаць спэцыялісты.

Пры гэтым адзначаецца, што, калі абвінавачаньні Андрэю Маркоўскаму не пацьвердзяцца, банк можа прад'явіць фінансавыя прэтэнзіі супрацоўнікам сьледчага камітэту за шкоду дзелавой рэпутацыі. Праўда, пакуль такія пазовы ў беларускіх судах не разглядаліся.

У Беларусі ўжо затрымлівалі такіх вядомых банкіраў як Уладзімер Хілько (былы Ашчадны банк), Тамара Віньнікава (Нацыянальны банк), Міхаіл Чыгір ("Белаграпрамбанк") ды некалькіх кіраўнікоў філіяў банкаў. З усіх затрыманых галоўных банкіраў толькі Ўладзімер Хілько быў прызнаны судом вінаватым у парушэньнях банкаўскай дзейнасьці.