Сёньня Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі распаўсюдзіла прэсавы рэліз з нагоды чацьвярговага інтэрвію Радыё Свабода старшыні КГБ Леаніда Ерына, які назваў падрыхтоўку выбарчых назіральнікаў з удзелам міжнародных структураў сапраўднай вэрбоўкаю.
Кіраўнік КНГ Ганс-Георг Вік заявіў ад імя інстытутаў АБСЭ, што Арганізацыя бяспекі й супрацоўніцтва ў Эўропе “аказвае падтрымку ў правядзеньні курсаў у справе выбарчага заканадаўства ды пастановамі пра ягонае ўжываньне, а таксама ў ажыцьцяўленьні правоў ды абавязкаў назіральнікаў за выбарамі”.
Амбасадар Вік падкрэсьлівае, што гэта стандартная практыка ў дзейнасьці АБСЭ, якая мела месца безь якіх-небудзь інцыдэнтаў або нязгоды з боку ўладаў ў часе выбараў у мясцовыя саветы 1999 году й “Нацыянальнага сходу” летась.
“Праграмы былі й застаюцца празрыстымі ды ня маюць нічога агульнага са шпіянажам ці палітычнай ваяўнічасьцю,” – заявіў кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі.
Я патэлефанаваў у Менск палітычнаму дарадцы КНГ АБСЭ Эндру Карпэнтэру і спытаўся, ці будзе ягоная група й надалей дапамагаць рыхтаваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары.
(Карпэнтэр: ) “Я думаю, што мы будзем працягваць дапамогу беларускім уладам у дэмакратызацыі ў адпаведнасьці з нашым мандатам,” – сказаў спадар Карпэнтэр.
У заяве групы АБСЭ таксама зазначаецца, што супрацоўніцтва АБСЭ з унутранымі назіральнкамі легітымнае ды неабходнае.
“КНГ з занепакоенасьцю назірае за публічнай кампаніяй, што грунтуецца на сфабрыкаваным і таму фальшывым асацыяваньні місіі з ваяўнічасьцю, баевікамі ды іншай незаконнай дзейнасьцю,” – гаворыцца ў сёньняшняй заяве менскае групы АБСЭ.