УЛАДЫ ТРОХУ ЗЬМЯКЧАЮЦЬ ДЭКРЭТ №8

Валер Каліноўскі, Менск

Перад замежнымі дыпляматамі з тлумачэньнямі выступіў кіраўнік Дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі Віктар Кучынскі.

Прадстаўнікі каля 30 замежных дыпляматычных місіяў былі запрошаныя МЗС Беларусі на сустрэчу з кіраўніком Дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі.

Паводле словаў Кучынскага, замежная бязвыплатная дапамога ня можа выкарыстоўвацца на арганізацыю выбараў і рэфэрэндумаў.

“Аднак арганізацыя выбараў і назіраньне за імі — гэта зусім розныя рэчы, — сказаў Свабодзе пасьля гэтай сустрэчы адзін з дыпляматаў, што прысутнічаў на ёй. — Нам патрэбная ўпэўненасьць, што вынік выбараў адпавядае волі народу. Гэта могуць забясьпечыць назіральнікі, якія засьведчаць, што галасаваньне было свабоднае, а падлік галасоў — сумленны”.

Кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік зазначыў, што меў надзею, што дэкрэт №8 ня ўступіць у сілу — у прыватнасьці, быў зварот ад Сталага камітэту АБСЭ. Беларусі ж, як і іншым краінам СНД, патрэбная дапамога ў пабудове дэмакратычных інстытутаў.

Дыпляматам раздалі заяву МЗС , у якой зазначаецца, што “дзеяньне гэтага дэкрэту не распаўсюджваецца на дзейнасьць, якая ажыцьцяўляецца ў рамках Праграмы ТАСІS, а таксама праектавую дзейнасьць КНГ АБСЭ, адпаведным чынам узгодненую зь беларускім бокам у рамках Мандату КНГ ды іншых двухбаковых дамоваў”.

Ганс-Георг Вік расцаніў гэта як сьцьверджаньне, што ягоная група не падпадае пад дэкрэт №8 і папрасіў гарантыяў, каб гэта датычылася й тых арганізацыяў, зь якімі яна супрацоўнічае ў Беларусі. Аднак Кучынскі такіх гарантыяў ня даў. Актывістка Хартыі-97 Людміла Гразнова гэтыя дзеяньні ўладаў ацаніла наступным чынам:

(Гразнова: ) "Адмінстрацыя Лукашэнкі пачула рэзкую адмоўную рэакцыю міжнароднай супольнасці, і яна жадае зьмікшаваць гэтыя непрыемныя моманты. Але ж на справе дэкрэт усё ставіць на свае месцы, і ўсё гранічна ясна — дыктатар скінуў сваю авечую шкуру, ён паказаў зубы, і ў такой сытуацыі трэба ўсім рабіць высновы — выкарыстоўваць другія схемы развьіцьця грамадзкай супольнасьці ў Беларусі".

За тры мінулыя гады Беларусь атрымала гуманітарную дапамогу на 121 мільён даляраў. Дэкрэт №8 можа значна зьменшыць аб’ёмы такой дапамогі.