У ВІЦЕБСКУ РАПТАМ УСЧАЛІСЯ ПОШУКІ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ СЬВЯТКАВАНЬНЯ 25 САКАВІКА

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сябра КХП БНФ Уладзімер Плешчанка паведаміў, што да яго проста на вуліцы зьвярнуўся супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС з просьбай зайсьці для тэрміновай размовы. Пры гэтым міліцыянт спаслаўся на загад свайго кіраўніцтва адшукаць арганізатараў і ўдзельнікаў сьвяточных імпрэзаў 25 сакавіка. Размова ў пастарнуку, якая адбылася 9 красавіка а 16 гадзіне, скончылася складаньнем патаколу, паводле якога спадар Плешчанка нібыта зьяўляецца арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу, які адбыўся 25 сакавіка на Пляцы Волі.
Спадар Плешчанка падпісваць той пратакол адмовіўся.

У той самы вечар і ў той самы пастарунак была выкліканая спадарыня Вольга Кладава. 25 скавіка сярод іншых сяброўз КХП БНФ яна стаяла поруч са спадаром Плешчанкам, які трымаў віншавальны плякат. Міліцыянты ж патрабавалі засьведчыць, што ён ладзіў мітынг. Зрабіць гэта спадарыня Кладава адмовілася.

І яшчэ адзін удзельнік прамінулых падзеяў трапіў у поле зроку міліцыянтаў. Дарэчы, з таго самага Кастрычніцкага РАУС. Гэта Пётар Сарапеня, таксама сябар КХП БНФ. Колькі дзён таму на Віцебскім аўтарынку ён перадаваў улёткі “Беларускай салідарнасьці” сваім сябрам. Гэта было заўважанае тамтэйшым ахоўнікам, і ягоны рапарт стаўся падставаю для затрыманьня Пётры Сарапені ды складаньня пратакола, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца, што спадар Сарапеня распаўсюджваў улёткі, зьмест якіх скіраваны на падрыў канстытуцыйнага ладу РБ. Неўзабаве гэтыя абвінавачаньні будуць разглядацца ў судзе, а мы нагадаем, што непасрэдна ў дзень 25 сакавіка ніводнага затрыманьня ці эксцэсу паміж віцебскімі апазыцыянэрамі ды прадстаўнікамі міліцыі дакумэнтальна не зафіксавана. Таму нечаканую актывізацыю праваахоўных ворганаў прадстаўнікі віцебскай апазыцыі зьвязваюць зь верагоднымі загадамі менскага кіраўніцтва.