ПОШТА РУБРЫКІ “ВЕРШ НА СВАБОДУ”

Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Менск

(Галубовіч: ) "Вясна, шаноўнае спадарства! Цяплынь… Уздым духу і росквіт цела. Бачыце, якая б доўгая ды марозная ні была б зіма — а ўсё ж неадхільна прыходзіць яе скон і наступае вясна…

На жаль, для бальшыні беларусаў надыход вясны пакуль яшчэ не асацыюецца з Днём Волі, а найчасьцей — з гарапашнай клопатнай працай на зямлі. Соткі, гной, сяўба…І не пасьпееш сьпіну разагнуць, а ўжо лета, бульба цьвіце… Хутка, значыць, зноў поўзаць плазам па чорных зямных разорах.

Так незаўважна й прамінае сем гадоў нашай нацыянальнай няволі. У мяне складваецца ўражаньне, што нават прагрэсіўная частка нашага грамадзтва “прытамілася” ад безвыніковае барацьбы з рэжымам і — радая, што нарэшце-такі дачакалася магчымай ягонай зьмены мірным шляхам, а менавіта — праз усенародныя выбары прэзыдэнта. У нешматлікіх колах грамадзтва ўжо патроху назапашваецца эйфарыстычная энэргія ад мажлівасьці будучай перамогі…

Спадзяваньні разрозьненай апазыцыі на “захад” альбо “ўсход” — гэта разгубленасьць няўпэўненых у сабе людзей на раздарожжы: направа пойдзеш — сьмерць знойдзеш, налева павернеш — галавой навернеш, а пойдзеш прама — перад табою яма…

Куды ж нам ісьці? Безумоўна, да саміх сябе. Пераадольваючы ўсе перашкоды, найперш зьвязаныя з нашымі ўласнымі сьвядомаснымі праблемамі. Менавіта гэтыя нашыя праблемы наскрозь беларускія.

Але не зважаючы ні на што маладыя і старэйшыя пішуць вершы — а верш, заўважу мімаходзь, гэта і ёсьць свабоднае выяўленьне чалавечай волі — хто б ні строіў кепікі, падобная вершатворчасьць зьяўляецца ці не найгалоўнейшай адзнакай жыцьцяздольнасьці этнасу…"

(Аксак: ) "Вось-вось, спадар Леанід, бліжэй да вершаў… А то штосьці вы ці то ў лірыку, ці то ў публіцыстыку, а то і ў тое, і другое разам ударыліся напачатку нашае гаворкі. Дык давайце пагаворым пра вершы нашых слухачоў".

(Галубовіч: ) "Зусім нядаўна давялося мець гаворку з адным маладым чалавекам. Добрым паэтам і нацыянальна заангажаваным інтэлектуалам. Са зьдзіўленьнем і прыемным зачараваньнем разявіў я рот, калі пачуў ад яго, што ён студэнт апошняга курсу біялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту.

Мала-памалу ў нашую культуру і літаратуру прыходзіць пакаленьне маладых інтэлектуалаў-прагматыкаў, якія паступова выцясьняюць адтуль залішне замроеных філёлягаў.

Як там пісаў у адным сваім вершы наш паэт-эмігрант, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў ад нас, Масей Сяднёў:

На капцох не было нашай стражы,
нас тапталі, глумілі, клялі…
Я хачу, каб у нас былі нашы
Імпэратары і каралі".

(Аксак: ) "Ну, спадар Леанід, сапраўды вясна на вас падзейнічала. Ізноў вы ўбок адышлі ад галоўнае нашае тэмы".

(Галубовіч: ) "Прабачце, сапраўды вясна... Але пра вершы. Мы, як і раней, атрымалі шмат вашых вершаў. Вось, да прыкладу, страфа зь верша спадара Барташэвіча зь Менску:

Балюе па лясах апошняя завея,
апошні сьнег з палёў сыходзіць пакрысе.
Апошняя зіма… апошняя надзея,
што надышоўшы век збавеньне прынясе.

Як бачым, і тут надзея не на сябе, а на боскую прыроду...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)