ЦІ МОЖНА ПЕРАМАГЧЫ НАСТУПСТВЫ ЦЯЖКІХ ХВАРОБАЎ?

Мікола Іваноў, Прага

Сухоты, тыфус, скарлаціна, адзёр, гепатыт (жаўтуха), язва страўніка, запаленьне жоўцявога пухіра ды іншыя цяжкія хваробы… Раней лічылася, што пасьля таго, як чалавек перанес адну зь іх альбо некалькі разам, вяртаньне да поўнага здароў’я амаль немагчымае. Яны, нібыта, пакідаюць нэгатыўны глыбокі сьлед на здароў’і чалавека, і далейшае жыцьцё адбываецца пад уплывам наступстваў гэтых хваробаў.

Экспэрты амэрыканскай грамадзка-лекарскай арганізацыі Realage, якія завочна выступаюць у якасьці сталых кансультанатаў нашай перадачы, лічаць, што гэта адзін з найбольш распаўсюджаных памылковых поглядаў.

Арганізм чалавека мае ўнікальныя ўласьцівасьці аднаўляцца. Калі пасьля перанесенай хваробы чалавек пачынае весьці здаровы лад жыцьця (так, як гэта рэкамэндуе Realage), вяртаньне да паўнавартаснага здароў’я гарантаванае.

Арганізм чалавека можа лячыць сябе сам. Амэрыканскія лекары лічаць, што да 70% ўсіх хранічных хваробаў тыпу цукроўкі, гіпэртаніі ці трамбафлебіту і нават некаторых відаў раку можна хутка вылечыць з дапамогай кардынальнай зьмены стылю жыцьця.

Барыс Рагуля вядомы канадыйскі каардыёляг, былы Прэзыдэнт Лекарскай асацыяцыі правінцыі Антарыё расказвае пра тое, які ўплыў мелі на ягоны стан здароў’я перанесеныя раней хваробы.

(Рагуля: ) “Я захварэў на сухоты, як быў у савецкай турме. Гэта быў тубэркулёз лёгкіх. Мая бабуля неяк вылячыла мяне, і я паправіўся нейкім цудам. Але ў 1968 годзе туберкулёз зьявіўся ў нырках. Але яго таксама ўдалося вылячыць, і сьледу па ім ужо няма. Праўдападобна, мой бацька меў праблему з сэрцам, але ён памёр маладым, і мы ня ведаем гісторыю ягонай хваробы. Калі я быў на мэдычным аглядзе апошні раз, дык кардыёляг мне кажа, што толькі дзякуючы лыжным трэніроўкам, тэнісу ды іншым заняткам спортам ты сабе падоўжыў жыцьцё на шмат гадоў. Я асабіста поўнасьцю перакананы, што фізычная актыўнасць – найлепшы лек”.

Прыгадаю, што Барысу Рагулі сёньня 82 гады. Ягонаму здароў’ю могуць пазайздросьціць нават маладыя. Ён актыўны спартсмэн, вядзе надзвычай шырокую грамадзкую і палітычную дзейнасць. Кансультуе буйныя шпіталі Канады ў справах складаных выпадкаў сардэчна-судзінных захворваньняў.

Экспэрты Realage лічаць, што пераважная бальшыня згаданых раней цяжкіх хваробаў, у тым ліку заразных, выклікаецца рознымі дэфэктамі імуннай сыстэмы, а яе абаронныя функцыі зьніжаюцца пераважна тады, калі чалавек вядзе нездаровы стыль жыцьця.

Чаму, напрыклад, калі блізкі кантакт з хворым на сухоты мае некалькі чалавек, а захворвае зь іх толькі адзін ці два? Хвароба, асабліва, заразная, шукае найбольш легкія шляхі распаўсюджваньня. Яе ахвярамі робяцца людзі незагартаваныя, імунная сыстэма якіх аслабленая.

Паводле дадзеных, якія перадала нашай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” прафэсар Тыну Рантанен, вядучы экспэрт Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я ў галіне працягласьці жыцьця, амаль 12% жыхароў нашай плянеты практычна поўнасьцю здаровыя людзі, якія не хварэюць наагул. Але гэта зусім не азначае, што ўсе яны ў ліку доўгажыхароў. Тыну Рантанен лічыць, што стан імуннай сыстэмы чалавека ў значнай ступені залежыць ад стылю і якасьці ягонага жыцьця.

Імунітэт – перш за ўсё вынік адпаведнай мабілізацыі абарончых функцыяў клетак арганізму. А калі яны паслабленыя сталым пераяданьнем, высокім крывяным ціскам і запаволенымі працэсамі абмену рэчываў (адсутнасьць фізычных практыкаваньняў), арганізм чалавека слаба змагаецца з інфэкцыямі...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)