У МЕНСКУ ДЭМАНСТРАВАЛІ Ў ПАДТРЫМКУ НТВ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Некалькі дзясяткаў беларускіх гледачоў НТВ наладзілі сёньня акцыю салідарнасьці з гэтым адзіным незалежным расейскім тэлеканалам.

Прыхільнікі НТВ сабраліся насупраць офісу прадстаўніцтва тэлекампаніі на вуліцы Крапоткіна. Гучалі воклічы "Жыве НТВ!" ды "Рукі прэч ад вольнай прэсы".

У акцыі бралі ўдзел сябры моладзевай арганізацыі "Зубар", актывісты "Хартыі-97" ды беларускія журналісты, якія пажадалі выказаць падтрымку расейскім калегам. Сярод іх — рэдактар газэты "Наша свабода" Павал Жук, які за сваю журналісцкую кар'еру прайшоў праз закрыцьцё чатырох газэт і незалежнага тэлеканалу.

Павал Жук перакананы, што сёньня ў Расеі паўтараецца сцэнар беларускага рэваншу сілаў, якія мараць пра аднаўленьне СССР.

(Жук: ) "Гэта крокі дыктатуры. Сытуацыя ў Маскве разгортваецца адпаведна зь сюжэтам, што быў адпрацаваны ў Беларусі. Калі калектыў не абароніць сябе як незалежную крыніцу інфармацыі, то далей будзе яшчэ горш. Возьмуць пад кантроль усе сродкі масавай інфармацыі, спачатку закрыюць газэты, а потым пачнуць зьнікаць людзі. Гэта можа прывесьці да дыктатуры , да аднаўленьня СССР, і нам таксама стане нашмат цяжэй".

Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў сёньня прыняла адмысловую заяву дзеля падтрымкі журналістаў НТВ. Дзеяньні тых, хто імкнецца ўзяць НТВ пад кантроль расейскага ўраду, называюцца спробай усталяваць у Расеі татальны кантроль над мэдыямі ды зьнішчыць свабоду слова.

"Крэмль і беларускае кіраўніцтва лічаць галоўным прызначэньнем тэлебачаньня ідэалягічны кантроль над людзьмі", — сьцьвярджае заява БАЖу. Жана Літвіна, прэзыдэнт гэтай арганізацыі, зьвяртае ўвагу на падабенства падзеяў, што адбываюцца ў Маскве і Менску.

(Літвіна: ) "Усе гэтыя падзеі вакол НТВ суправаджала пасланьне расейскага прэзыдэнта Пуціна да Фэдэральнага сходу Расеі, і гэта нам таксама ўжо вядома. Нагадаю, што ў апошні дзень працы недзяржаўнай радыёстанцыі 101,2 дзяржаўная прэса надрукавала тэкст новай канстытуцыі, якая таксама абвяшчалася вельмі лібэральнай".

Як у Менску, гэтак цяпер і ў Маскве — улада абвяшчае адно, а робіць зусім іншае, перакананая Жана Літвіна.

Між тым, карпункт НТВ у Беларусі працуе ў звычайным рэжыме. Пра гэта паведаміў карэспандэнт НТВ па Беларусі Павал Сілін:

(Сілін: ) "Мы працуем цяпер у звычайным штодзённым рэжыме, ні больш ні менш. Ніякіх асаблівых загадаў з Масквы не было, усё звычайна — кажуць сачыць за падзеямі, і асабліва нас цікавіць, як тут рэагуюць на сытуацыю з НТВ".

Павал Сілін сказаў, што адзін такі сюжэт яны сёньня ўжо зьнялі й даслалі ў Маскву. Карэспандэнт НТВ спрабаваў узяць камэнтар да падзеяў вакол тэлекампаніі ў кагосьці з афіцыйных асобаў, у тым ліку ў Аляксандра Лукашэнкі, але ягоная прэсавая служба адмовіла. Гэта Паўла Сіліна ня дзівіць, бо гэтак жа маўчыць з нагоды канфлікту й расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

Пакуль няма зьвестак, ці ёсьць затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі падтрымкі НТВ. Калі пікетоўцы разыходзіліся, затрыманых не было, але вядома, што менская міліцыя часта праводзіць затрыманьні й пасьля акцыяў.