КІРАЎНІК ПСЫХІЯТРЫЧНАЙ АСАЦЫЯЦЫІ БЕЛАРУСІ ЗАЯВІЎ, ШТО ПСЫХАПАТЫЯ НЕ ПЕРАШКАДЖАЕ ЗАЙМАЦЬ ВЫСОКУЮ ПАСАДУ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня вядучыя псыхіятры Беларусі ў часе прэсавай канфэрэнцыі распавядалі журналістам пра стан псыхічнага здароўя беларусаў ды пра зьмены ў сыстэме псыхіятрычнай дапамогі. Я запыталася: “Ці існуе ў Беларусі практыка псыхіятрычнага агляду асобаў пры ўладзе?”

Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў, паведаміў, што паводле “Закону аб псыхіятрычнай дапамозе”, прымусовы першасны псыхіятрычны агляд не прадугледжаны ні для шараговых грамадзян, ні для вядомых асобаў. Гэта добраахвотная справа, але псыхіятрычную экспэртызу трэба правесьці тады, калі ёсьць рэальная небясьпека для асяродзьдзя альбо для самога псыхічна хворага.

Я спыталася ў галоўнага псыхіятра, хто можа ініцыяваць псыхіятрычны агляд вядомага палітыка. Спадар Рынкоў ня ведае гэтага, ён адзначыў толькі, што Міністэрства аховы здароўя такога права ня мае.

На наступнае пытаньне Радыё Свабода — у чым сутнасьць псыхічнага захворваньня “мазаічная псыхапатыя”(а менавіта такі дыягназ паставіў Аляксандру Лукашэнку псыхіятар Зьміцер Шчыгельскі), адказвае старшыня праўленьня Беларускай псыхіятрычнай асацыяцыі Раман Еўсягнееў.

(Еўсягнееў: ) “Псыхапатыя — гэта расстройства асобы, гэта асаблівасьці характару ды паводзінаў чалавека, якія значна адрозьніваюць яго ад іншых людзей і ўскладняюць ягоную сацыяльную адаптацыю.

Ёсьць шэраг формаў расстройстваў асобы. А калі ў чалавека ёсьць рысы, характэрныя для розных тыпаў расстройстваў асобы — гэта й ёсьць мазаічная псыхапатыя”.

Чым небясьпечная “мазаічная псыхапатыя”? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да спадара Еўсягнеева.

(Еўсягнееў: ) “Гэта не хвароба, а сталы стан, гэта не цякучая хвароба, а сталыя асаблівасьці характару, якія захоўваюцца цягам жыцьця. Якая небясьпека? Складана сказаць, бо непасрэднай небясьпекі ад такога чалавека няма. Ці небясьпечна гэта, ці добра, ці дрэнна — я ня ведаю”.

Але на пытаньне, ці можа хворы на мазаічную псыхапатыю чалавек займаць высокую пасаду, Раман Еўсягнеяў адказаў досыць канкрэтна:

(Еўсягнееў: ) “Безумоўна, так”.

Заплянавана, што ў часе двух тыдняў псыхічнага здароўя, якія распачнуцца ў Беларусі 7 красавіка, возьмуць удзел вядомыя беларускія палітыкі. Хто канкрэтна, псыхіятры пакуль ня ведаюць.

Дарэчы, летась у Беларусі пасьля першаснага псыхіятрычнага агляду было зарэгістравана каля 60 000 чалавек з псыхічнымі адхіленьнямі ды залежнасьцямі. Паводле леташніх зьвестак, на ўліку ў псыхіятраў каля 400 000 чалавек.

Што да фінансаваньня псыхіятрычнай сфэры, то ў Беларусі на яе выдаткоўваецца ўсяго некалькі адсоткаў мэдычнага бюджэту. Для параўнаньня, у Амэрыцы гэта чвэрць бюджэту.