ЧЫНОЎНІКІ І НЕЗАЛЕЖНЫЯ ЭКСПЭРТЫ: БЕЛАРУСЬ НЯ ЗДОЛЕЕ ПАВЯЛІЧЫЦЬ ПАСТАЎКІ МЯСА Ў РАСЕЮ

Валер Каліноўскі, Менск

Экспарт мяса з Эўропы Расея забараніла з-за масавага распаўсюду яшчуру.

Мэр Масквы Юры Лужкоў, гаворачы пра забарону везьці мяса з Эўропы, выказаў занепакоенасьць: пакуль у расейскай сталіцы ёсьць запасы мяса, але яны не бясконцыя.

Калі Эўропа ня здолее хутка справіцца зь яшчурам, у Маскве будуць перабоі зь мясам ды вырастуць цэны на яго, лічыць Лужкоў. Расейскі ўрад разьлічвае, што дэфіцыт удасца кампэнсаваць павелічэньнем паставак мяса з Украіны й Беларусі.

Начальніца аддзелу Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі Тамара Ўсачова паведаміла Свабодзе, што разьлічваць на істотны рост мяснога экспарту ў Расею складана:

(Усачова: ) "Увесь экспарт мяса ў нас ідзе на Расею, летась экспартавалі 42 600 тон, на суму 74,5 мільёна даляраў. Сёлетняя праграма экспарту мяркуе прыкладна такія ж (ну, крыху большыя) аб’ёмы.

Ці ёсьць у нас рэзэрвы для нарошчваньня экспарту мяса? Гэта залежыць ад кармавой базы, а яна — ад фінансавых магчымасьцяў. А фінансавыя магчымасьці ў нас слабыя, таму, думаю, цяжкавата будзе рэзка нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці", — паведаміла супрацоўніца Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі Тамара Ўсачова.

Кіраўніца аддзелу замежнагандлёвых сувязяў Міністэрства гандлю Беларусі Любоў Язэпчык лічыць, што пэўны рост экспарту мяса ў Расею дзякуючы спрыяльнай кан'юнктуры можа адбыцца, але ягоныя аб'ёмы цяпер цяжка прагназаваць.

А вось вядомы экспэрт у аграрных пытаньнях акадэмік Іван Нікітчанка лічыць павелічэньне экспарту немагчымым:

(Карэспандэнт: ) "Ці здолее Беларусь павялічыць пастаўкі мяса ў Расею?"

(Нікітчанка: ) "Ніколі. Беларусь сябе забясьпечвае мясам толькі на 25%".

Іван Нікітчанка нагадаў, што ў 1990 годзе Беларусь за мяжу прадала 340 000 тон мяса. Тады выраблялі 116 кіляграмаў мяса на кожнага жыхара. Цяпер жа — толькі 25 кіляграмаў.

Вытворцы прадаюць у Расею некалькі дзясяткаў тысячаў тон мяса — гэта мізэрная лічба, лічыць акадэмік Нікітчанка. Нядаўна ён паводле замовы МВФ рыхтаваў справаздачу аб разьвіцьці сельскай гаспадаркі ў 10 постсацыялістычных краінах: Польшчы, Вугоршчыне, Славеніі, Румыніі, Баўгарыі, Літве, Латвіі, Беларусі ды іншых. Гаворыць Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) "Самае страшнае — у нас, у Беларусі. Паўсюль да 1993 году было спад, а потым пайшоў рост. Паўсюль, акрамя Беларусі. Ня будзе нічога добрага".

Іван Нікітчанка зазначыў, што няма падставаў для аптымізму што да разьвіцьця беларускай сельскай гаспадаркі.