ЧОРНЫ КАЛЯНДАР

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чарговы раз, цяпер да траўня, падоўжылі расьсьледаваньне справы зьнікненьня намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Паводле некаторых сьведак, Ганчара й Красоўскага захапілі й вывезьлі зь месца здарэньня невядомыя людзі ў цывільным, аднак сьледзтва дагэтуль не прызнае факту захопу і паўтарае фармулёўку “зьніклі пры невядомых абставінах”.

Пры гэтым сьледчы гарадзкой пракуратуры Сяргей Новікаў, які вядзе справу, паўтарае, што пошукі ні на дзень не спыняюцца. Грамадзтва ж бачыць толькі тое, што сьледзтва рэгулярна працягваецца, але вынікаў няма.

(Новікаў: ) “Апэратыўныя мерапрыемствы не спыняліся й вядуцца дагэтуль. Калі б вынік быў, пра яго б стала вядома”.

Тымчасам усё часьцей ладзяцца акцыі прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да тэмы зьніклых. Нядаўна сябры моладзевай арганізацыі “Зубар” раскідалі ўлёткі з партрэтамі зьніклых ў залі опэрнага тэатра падчас спэктаклю. Акторкі тэатру потым распавядалі, што толькі па гэтай акцыі задумаліся над падзеямі ў краіне. Актывісты арганізацыі “Зубар” кажуць, што зьбіраюцца ладзіць новыя акцыі грамадзкага пратэсту.


***
Мы ўжо паведамлялі пра пляны дэпутата Ўладзімера Кудзінава заняцца прававой дапамогай грамадзянам, зьвяртаючыся да свайго досьведу палітычнага вязьня. Кудзінаў кажа, што збольшага ўжо падрыхтаваныя дакумэнты дзеля рэгістрацыі арганізацыі прававой дапамогі ды ёсьць ужо назва — “Чалавек у бядзе”.

Дэпутат, праўда, не выключае, што чыноўнікі будуць рабіць яму перашкоды на шляху рэгістрацыі, але ён перакананы, што давядзе справу да канца.


***
У сярэдзіне красавіка ў Першамайскім судзе пачнецца разгляд пазову да Беларускага тэлебачаньня. Пазоў на БТ падала жонка былога прэм'ера Міхаіла Чыгіра Юлія.

Яна лічыць, што БТ абразіла яе і ўсю сям'ю Чыгіроў сваімі паведамленьнямі ды камэнтарамі да справы на Аляксандра Чыгіра (той, як вядома, падазраецца ў выкраданьні аўтамабіляў).

Судовае паседжаньне прызначылі на 16 красавіка. Варта нагадаць, што дагэтуль нікому не ўдавалася прыцягнуць Беларускае тэлебачаньне ці ягоных супрацоўнікаў да адказнасьці за публічныя абразы. Судзіўся з аўтарам фільма “Дзеці хлусьні” Юр'ем Азаронкам Зянон Пазьняк, судзіліся іншыя, але безвынікова — бруду й паклёпу ў некаторых праграмах БТ большае.


***
Васіль Старавойтаў адгукнуўся на сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску. Ён вітаў пазыцыю й намаганьні дэманстрантаў, але выказаў шкадаваньне, што не ўдалося аберагчыся ад правакацыяў. Такой правакацыяй былы старшыня “Расьсьвету” лічыць спальваньне расейскага сьцяга.

(Старавойтаў: ) “Я мяркую, гэтая інфармацыя — правакацыя. А калі сапраўды палілі сьцяг — гэта памылка".

(Карэспандэнт: ) “Там былі сьведкі, што гэта рабілі не мітынгоўцы, не апазыцыянэры”.

(Старавойтаў: ) “Так, я пра гэта чуў і веру гэтаму. Але ж гэтыя людзі здолелі туды забрацца”, — сказаў Свабодзе былы старшыня акцыянэрнага таварыства “Расьсьвет” Васіль Старавойтаў, які адседзеў у беларускіх турмах два гады.