CТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ ВІНЦУК ВЯЧОКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЯГО АРЫШТАВАЛІ НА 15 СУТАК ПА ЎКАЗАНЬНІ ПАЛІТЫЧНАГА КІРАЎНІЦТВА КРАІНЫ

Ягор Маёрчык, Менск

На заключным паседжаньні судзьдзя Натальля Вайцяховіч заслухала двух сьведкаў: міліцыянта Анісенку і намесьніка начальніка Цэнтральнага РАУСу Барсукова. Апошні адкрыта хлусіў, сьцьвярджаючы, што Вінцук Вячорка ў часе несанкцыянаванага шэсьця трымаў у руках мэгафон і кіраваў акцыяй.

Судзьдзя Вайцяховіч не прыняла да ўвагі 2 хадайніцтвы адваката спадара Вячоркі Сяргея Цурка — аб прыцягненьні да працэсу іншых міліцэйскіх сьведкаў, а таксама спыненьні слуханьняў, пакуль ня стане вядомае рашэньне Маскоўскага райсуду ў справе скаргі Вячаслава Сіўчыка аб парушэньні 25 сакавіка гарадзкімі ўладамі заканадаўства.

А палове на шостую вечара, ня даўшы слова сп. Вячорку і ягонаму адвакату Сяргею Цурыну, не зачытаўшы ўсіх матэрыялаў справы, судзьдзя Вайцяховіч нечакана для прысутных зачытала вырак — 15 сутак арышту. Да таго часу міліцэйскі варанок чакаў будучага вязьня ля ўваходу ў будынак суду.

Лідэр партыі БНФ адразу быў узяты пад варту і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрыманьня па вуліцы Акрэсьціна. Жонка Арына ледзь пасьпела перадаць яму спартовае адзеньне.

І сам Вінцук Вячорка, і назіральнікі за працэсам не чакалі такога жорсткага прысуду і адзначаюць, што працэс адбыўся са шматлікімі парушэньнямі дзеючага заканадаўства судзьдзёй Натальляй Вайцяховіч. Вінцук Вячорка, накіроўваючыся да міліцэйскага варанку, заявіў журналістам, што такі вырак ёсьць беспасярэднім указаньнем палітычнага кіраўніцтва краіны.