МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАВЯДЗЕ АКЦЫЮ НА ФУТБОЛЕ

Віталь Цыганкоў, Менск

Упершыню нацыянальная футбольная зборная Беларусі мае рэальныя шанцы трапіць у фінал Чэмпіянату сьвету. Зараз беларусы дзеляць другое-трэцяе месцы, маючы аднолькавыя паказчыкі са зборнай Украіны.

На першым месцы даволі нечакана для адмыслоўцаў апынулася зборная Польшчы, а сёньняшнія супэрнікі беларусаў нарвэжцы, якія лічыліся фаварытамі групы, сэнсацыйна займаюць апошняе месца ў табліцы.

Як паведамілі мне ў прэсавай службе Беларускай Фэдэрацыі футболу, на матч пажадала акрэдытавацца каля 150 журналістаў. Сярод іх звыш 40 нарвэскіх, ёсьць таксама ўкраінскія, нямецкія й турэцкія. Лёжа прэсы стадыёну “Дынама” ня можа ўмясьціць гэтулькі людзей, таму Фэдэрацыя вымушаная была адмовіць у акрэдытацыі найперш беларускім журналістам.

Чакаецца, што ўпершыню за апошнія гады на сталічным стадыёне “Дынама” будзе аншляг. Ужо цяпер распрадалі амаль усе квіткі. Сёньня з раніцы па Менску бадзяюцца заўзятары — пераважна падлеткі — якія прыехалі зь іншых гарадоў Беларусі падтрымаць нацыянальную зборную.

Відавочна, заўзятараў не палохае адносна халоднае надвор’е, якое ўсталявалася ў беларускай сталіцы. Зрэшты, менавіта дзякуючы такому сухому й сонечнаму надвор’ю ўдалося добра падрыхтаваць футбольнае поле да сёньняшняй гульні.

Улічваючы вялізны інтарэс да гэтага матчу, Малады Фронт мае намер правесьці на стадыёне яркую і прыкметную акцыю. Гаворыць лідэр МФ Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Мы зьбіраемся правесьці маштабную акцыю — акцыю, якую будзе відаць. Таму я раю прыхільнікам футболу на стадыёне і каля тэлевізара ўважліва сачыць ня толькі за тым, што адбываецца на полі, але й за тым, што адбываецца на трыбунах. Гэта будзе арыгінальная і фірмовая маладафронтаўская акцыя. Відаць яе будзе ўсім, сэнс яе раскрыецца якраз падчас матчу. Гэта практычна ўсё, што я магу зараз паведаміць".

Зразумела, што зь меркаваньняў кансьпірацыі спадар Севярынец ня можа распавесьці аб падрабязнасьцях акцыі. Сваю імпрэзу на стадыёне рыхтуюць і актывісты моладзевага руху “Зубар”.

Заўзятары “Зубра” вылучыліся падчас апошняга матчу беларускай зборнай у Кіеве. Сёньня сёньня некалькі "зубраў" правядуць сваю акцыю пры канцы матчу ў адным з сэктароў.

Дарэчы, адным са сьведкаў моладзевых акцыяў, магчыма, стане Аляксандар Лукашэнка. Прынамсі, да апошняга моманту афіцыйныя асобы гаварылі пра намер кіраўніка дзяржавы прысутнічаць на гэтым матчы.