АМБАСАДАР ВІК ПАПЯРЭДЗІЎ АБСЭ ПРА НЭГАТЫЎНЫЯ НАСТУПСТВЫ ДЭКРЭТУ ЛУКАШЭНКІ

Уладзімер Глод, Менск

Паводле Ганса-Георга Віка, нэгатыўнае стаўленьне да гэтага дэкрэту ён выказаў напрыканцы мінулага тыдня ў Вене, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ.

Акцэнт быў зроблены на падрыхтоўцы грамадзкіх назіральнікаў, якія будуць сачыць за прэзыдэнцкімі выбарамі. КНГ АБСЭ дапамагала праводзіць навучаньне ўнутраных назіральнікаў перад выбарамі ў "палату прадстаўнікоў" — гэта міжнародная практыка. Але Аляксандр Лукашэнка заявіў, што надалей ён такога ў Беларусі не дапусьціць. Многія лічаць, што дэкрэт №8 ёсьць рэакцыяй на незалежнае назіраньне за выбарамі.

У часе нефармальнага абмеркаваньня беларускай сытуацыі ў Вене прадстаўнікі Беларусі й Расеі выказалі думку, што нормы дэкрэту №8 не закрануць дзейнасьць Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Прадстаўнікі шэрагу краінаў АБСЭ прапанавалі альбо зьвярнуцца да кіраўніцтва Беларусі з прапановай адмяніць згаданы дэкрэт альбо выдаць новы, які б афіцыйна пацьвердзіў, што дзейнасьць КНГ АБСЭ застаецца па-за межамі дэкрэту.

Магчымыя нэгатыўныя наступствы дэкрэту таксама выкладзеныя ў лісьце Ганса-Георга Віка, які ён накіраваў ва ўсе 55 краінаў-сяброў АБСЭ. У ім адзначаецца, што менавіта назіральнікі вызначылі асноўныя віды парушэньняў падчас сакавіцкіх давыбараў у "палату прадстаўнікоў" і што назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі будзе мець надзвычайна важную ролю для прызнаньня альбо непрызнаньня іх дэмакратычнымі й свабоднымі.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня вырашылі на наступным тыдні падрыхтаваць зварот да Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы, АБСЭ, СНД і Эўрапарлямэнту, у якім будзе выказаная агульная пазыцыя адносна выбараў у Беларусі.